Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

«Выбіраем прафесію – выбіраем будучыню»

Количество просмотров:

Прафарыентацыйная прома-акцыя пад такой назвай праведзена ў суботу, 10 лютага, на базе чацвёртай гарадской школы.

На сустрэчу з прадстаўнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, арганізаваную Брэсцкім абласным цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, былі запрошаны вучні 9-11 класаў гарадскіх і сельскіх школ нашага раёна.

Падчас урачыстага адкрыцця Таццяна Пятроўна Валявач, дырэктар ДУА “Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці”, звяртаючыся да школьнікаў, адзначыла, што яны стаяць на парозе прыняцця, бадай, самага важнага ў жыцці рашэння – выбару прафесіі, выбару далейшага жыццёвага шляху.
– Узважана падыдзіце да гэтага сур’ёзнага рашэння, ацаніце свае здольнасці і прыхільнасці, выберыце сістэму атрымання прафесійнай адукацыі, уважліва даследуйце патрэбы рынку працы, – сказала Таццяна Пятроўна. – Толькі такі падыход дазволіць зрабіць правільны выбар.
Кіраўнік цэнтра таксама засяродзіла ўвагу на тым, што на сённяшні дзень наша краіна мае вялікую патрэбу ў спецыялістах рабочых прафесій, таму вучням былі прадстаўлены прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі.

Proforientacija 2
Proforientacija 3
Proforientacija 4
Proforientacija 5
Proforientacija 6


З мэтай фарміравання ў школьнікаў арыентацыі на працоўную дзейнасць, як сродак развіцця і самарэалізацыі духоўных і фізічных патрэбаў, павышэння прафесійнай і сацыяльнай актыўнасці вучняў у прафесійным самавызначэнні пры выхадзе на рынак працы, а таксама папулярызацыі рабочых прафесій Іванаўшчыну наведалі прадстаўнікі сямі ўстаноў адукацыі з суседніх раёнаў. Сярод іх Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці, Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання, Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў, Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова, Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж, Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй г. Драгічына.
Праграма мерапрыемства была насычанай і цікавай. У ходзе прома-акцыі навучэнцы мелі магчымасць прысутнічаць на майстар-класах прафарыентацыйнай накіраванасці, што праводзілі студэнты. Дзяўчынкам больш за ўсё спадабалася назіраць за цырульнікам і візажыстам. Дарэчы, усім жадаючым студэнткі запляталі каласкі і рабілі макіяж. Хлопчыкі цікавіліся электрыкай. Увагу тых, хто любіць і ўмее гатаваць, прыцягнуў кулінарны майстар-клас.
Акрамя гэтага, актыўна працавалі інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі. Дзякуючы ім, інфармацыйным стэндам, а таксама выкладчыкам, школьнікі мелі магчымасць атрымаць неабходную інфармацыю аб спецыяльнасцях, прадметах, якія патрэбна здаваць пры паступленні, прахадных балах і многае іншае.
Студэнты каледжаў і ліцэяў, прадстаўленых у гэты дзень, праводзілі з жадаючымі індывідуальныя кансультацыі, дапамагалі выпускнікам вызначыцца з напрамкам будучай прафесіі, а таксама расказвалі пра сваё студэнцкае жыццё, пра тое, як ім вучыцца ў выбраных установах адукацыі і жывецца ў інтэрнатах.
Агітбрыгады правялі для прысутных віктарыну, падрыхтавалі цікавыя выступленні.
Вучні, якія вызначыліся з месцам, дзе будуць далей навучацца, запоўнілі спецыяльныя анкеты. У бліжэйшы час школьнікаў запросяць на Дні адкрытых дзвярэй, што пройдуць у кожнай установе адукацыі.
Сустрэча атрымалася цікавай і карыснай. Прафарыентацыйная прома-акцыя дае магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй, азнаёміцца з умовамі паступлення, пагутарыць з выкладчыкамі і студэнтамі, не выязджаючы за межы раёна. Упэўнена, што праведзенае мерапрыемства многім дапамагло прыняць правільнае рашэнне.

Кацярына КАЛЕНДА.
Фота аўтара.