Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Выключны сацработнік

Количество просмотров:

Свет перажывае няпросты час. Covid-19 трымае насельніцтва Зямлі ў напружанні. Беларусь і наш народ таксама змагаецца са страшным вірусам і яго жахлівымі наступствамі. Кавідафобія таму – зразумелая рэалія.  
У гэтых складаных умовах, як запэўніла дырэктар Іванаўскага ТЦСАН Наталля Віктараўна Касцюковіч, не спыняецца сацыяльная дапамога  тым людзям, каму яна пільна неабходная па жыццёвых абставінах. Валянціна Рыгораўна Сачавічык – 88-гадовая жыхарка Гарбахі. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, да снежня мінулага года жанчына самастойна сябе абслугоўвала.

Трое ўласных дзяцей – дочкі Ларыса і Людміла, а таксама сын Васіль, заўжды непакоіліся пра матулю і былі побач у патрэбную хвіліну. Праўда, больш увагі магла даць дачка Людміла, якая жыве найбліжэй – у нашым райцэнтры. 
Дваццаць дзевяць год, з 1958 па 1987 гады, Валянціна Сачавічык прысвяціла Гарбахскай школе, у якой працавала настаўнікам пачатковых класаў. За гэты перыяд работы яна адвучыла дзесяць выпускаў. У гутарцы з жанчынай высветлілася, што раней пачатковая школа абмяжоўвалася трыма гадамі навучання. Да пабудовы тут установы адукацыі (1966 г.), заняткі праводзіліся па хатах у вяскоўцаў. Нягледзячы на вялікую вучнёўскую нагрузку, у класах было нават па трыццаць два чалавекі, работу жанчына ўзгадвае з цеплынёю. «Настаўнікаў тады вельмі паважалі. Людзі маёй прафесіі былі аўтарытэтам і для дарослых, і для дзяцей. Школьнікі ў большасці старанна вучыліся. Звычайна лічыцца, што першы блін комам. Аднак у маім прафесійным жыцці мне асабліва запомніўся менавіта першы выпуск», – расказала Валянціна Рыгораўна. 
І цяпер Валянціна Сачавічык, маці траіх дзяцей, бабуля чатырох унукаў і прабабуля васьмі праўнукаў, як і раней, з задавальненнем пры нагодзе і паспявае, і патанцуе. Разам з тым распавядзе пра былыя гады, пра патрабаванні да дрэс-коду настаўніка, пра цагельны завод у Гарбасе, пра таленавітага мясцовага майстра, які рабіў вяскоўцам карнізы на вокны. Некалькі год як яе здароўе пагоршылася істотна. Важным таму сёння лічыць, што ў яе ёсць выключны сацыяльны работнік – Наталля Салавей. Зычлівая, адказная, добрая, надзейная – такой называе бабуля сваю памочніцу, якая  кожны дзень яе наведвае. Наталля Міхайлаўна раней жыла ў Гнеўчыцах. Папрацавала і прадаўцом, і паштальёнам, і поварам. З 2017 года – у раённым тэрытарыяльным цэнтры. Сёння яна аказвае дапамогу для сямі састарэлых грамадзян з Гарбахі і Варацэвічаў. Розныя работы выконвае сацыяльны работнік: прыборка, паход у магазін, распал грубкі, вымярэнне крывянога ціску і іншыя. Да кожнага чалавека, гаворыць яна, патрэбны падыход, таму што ў кожнага свой характар, свой жыццёвы вопыт. Аднак не адаптацыя да чужых людзей, не догляд за імі – самае цяжкае ў яе рабоце. «Для мяне складана тады, калі чалавек памірае. Учора ты з ім яшчэ размаўляў, яму дапамагаў, а сёння ці заўтра, напрыклад, чалавека ўжо няма. Звыкнуцца з гэтым – найцяжэй», – кажа Наталля Салавей. 
Што датычыцца стасункаў з 
Валянцінай Рыгораўнай, то, як сцвярджае сацработнік, акрамя таго, што гэта адукаваны, разумны, цікавы і мудры чалавек, яна яшчэ не любіць злавацца на лёс, хоць рознае было ў жыцці, а таксама вельмі пазітыўная. «Гэтая рыса характару можа самая дарагая для мяне. Прыемна, калі размова з некім дорыць станоўчыя эмоцыі».   

 Наталля Крывецкая.