Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

За працу – ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі

Количество просмотров:

mirchukПраз чатыры гады мы адзначым стагоддзе Вялікай Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Аказваецца, сярод нас пражывае нямала людзей, якія нарадзіліся на свет у тыя далёкія гістарычныя дні. Сярод іх Фёкла Максімаўна Рубан з вёскі Яечкавічы, Васіль Дзмітрыевіч Прыбыш з вёскі Трудавая, Настасся Маркаўна Цямчык з вёскі Уласаўцы, Аляксей Рыгоравіч Давідовіч з вёскі Стрэльна…

 Дзесяць лепшых працаўнікоў Іванаўшчыны за добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці ў свой час былі ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Гэтай высокай узнагароды ўдастоены добра вядомыя ў раёне людзі: Петр Рыгоравіч Алампіеў, які нарадзіўся ў 1917-м,
удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, многія гады кіраваў калгасам “Бальшавік”.
У вёсцы Рудск  адна з вуліц названа ў гонар Пятра Пракопавіча Казакевіча. Так нашчадкі ўшанавалі памяць знакамітага земляка: удзельніка Вялікай Айчыннай, арганізатара калгаса імя Молатава (“Светлы шлях”), якім ён кіраваў больш за чвэрць стагоддзя. Пётр Пракопавіч быў кавалерам двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны”.
Неаднойчы на старонках газеты расказвалася пра поспехі перадавікоў сельгасвытворчасці: механізатара саўгаса “Бродніцкі” Аляксея Серафімавіча Скоўбеля, вадзіцеляў калгаса “Светлы шлях” Фёдара Іосіфавіча Ляўковіча, калгаса “Моладава” Сцяпана Нікіфаравіча Малітвіка, трактарыста калгаса “Моладава” Васіля Паўлавіча Міранюка, цялятніцу калгаса “Шлях Леніна”  Марыю Васільеўну Шкабара, даярку калгаса “Кастрычнік” Марыю Архіпаўну Мірчук. Добрасумленная, стваральная праца кожнага з іх была адзначана  высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку і ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. На жаль, многія з іх адышлі ў вечнасць, засталіся толькі ў добрай памяці нашчадкаў.
А вось з Марыяй Архіпаўнай Мірчук з вёскі Уласаўцы (на фота) нам пашчасціла пагутарыць. Нягледзячы на ўзрост, а ёй ужо 71 год, яна ахвотна ўспамінае маладыя гады. Крыху больш за сямнаццаць стукнула Марыі, калі пайшла самастойна працаваць на ферму. Няпроста было тройчы на дзень падаіць рукамі 15-17 кароў. Але аднойчы перадавую даярку Марыю Мірчук адправілі на “стажыроўку” у вядомы на Брэстчыне калгас “Аснежыцкі”. І неўзабаве на малочнатаварным комплексе ў калгасе “Кастрычнік” Марыя Архіпаўна сама вучыла сябровак па цэху, як правільна забіраць малако ад кароў даільнымі апаратамі.
- Спачатку кароўкі палохаліся, ды і мы, даяркі, былі няўпэўненымі ў сваіх рухах, але на ўсё патрэбны час і неадступнасць. Затое, наколькі лягчэй стала працаваць, калі дойка была цалкам механізавана”, - успамінае жанчына. – Ох і ўдзячны мы былі нашаму заатэхніку Яўгену Паўлавічу Лемяшэўскаму.
Сорак два гады адшчыравала Марыя Архіпаўна даяркай. І заўсёды ў перадавіках. Пацверджанне таму высокія ўрадавыя ўзнагароды: ордэны “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалі за працоўныя дасягненні.
Ёй няма як сумаваць нават на заслужаным адпачынку. Радуюць чацвёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Вядома ж, як і заўсёды, яны не забудуць наведацца да бабулі ў лістападаўскія дні, каб шчыра павіншаваць са святам.

Надзея КУХАРЧУК.