Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

«Заўжды ў душы і думках памятайце пра Радзіму»

Количество просмотров:

21 снежня, у актавай зале СШ №2 г. Іванава ў прысутнасці шматлікіх гасцей: Юрыя Бісуна, старшыні Іванаўскага райвыканкама, Канстанціна Ваўрука, старшыні раённага Савета дэпутатаў, Максіма Бутранца, начальніка Пінскага пагранічнага атрада, Алены Дарагакупец, намесніка старшыні райвыканкама, Рыгора Сысы, начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызму Іванаўскага райвыканкама, Сяргея Жуковіча, пракурора Іванаўскага раёна, Аляксея Хамінятыча, намесніка ваеннага камісара Іванаўскага раёна, Анатоля Ксёндзыка, старшыні Пінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання  “Беларускі Саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь” – адбылося прыняцце ўрачыстага абавязацельства навучэнцамі ваенна-патрыятычнага класа пагранічнай накіраванасці з прысваеннем ім ганаровага звання “віцэ-курсант”.

“Адначасна  пасталелі”


Ім толькі чатырнаццаць-пятнаццаць год, а ў іх гонар ладзілася свята, якое, хутчэй за ўсё, прымусіла кожнага з 28 навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа СШ №2 адчуць гонар за сваю радзіму, беларускі народ, уласна за сябе. Нездарма пасля мерапрыемства нехта з ужо віцэ-курсантаў прамовіў: “Здаецца, я сёння пасталеў” і “я ледзь стрымалася, каб не заплакаць, калі зачытваўся тэкст прысягі”. У моманты асаблівага ўзрушэння чалавек, як правіла, не ўтойвае свае патаемныя ноткі настрою. Чацвер 21 снежня быў днём радасці, трыумфу і адчування вялікай адказнасці для 12 юнакоў і 16 дзяўчат другой гарадской школы. Днём, які запомніцца ім назаўжды, бо, як было заўважана на свяце “в исторической книге страны Беларуси // он оставит, наверное, несколько строк”.
“Не толькі ганарова, але і адказна”
Нагадаем, ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці быў створаны 1 верасня 2017 года на базе 10 “А” класа СШ№2 г. Іванава. Усяго ў Брэсцкай вобласці тры ваенна-патрыятычныя класы (ВПК): два – у Пінску, адзін – у Іванава. Адкрыццю дадзенага класа папярэднічала мэтанакіраваная падрыхтоўчая работа: экскурсіі на пагранзаставу, размовы са школьнікамі, іх бацькамі, сустрэчы з кіраўніцтвам Пінскага пагранічнага атрада, які курыруе работу ВПК у г. Іванава.
Выступаючы з прывітальным словам да навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа, Максім Бутранец заўважыў, што яны разам са сваімі бацькамі зрабілі прыстойны выбар, які разам з ганаровасцю справы мае адваротны бок – адказнасць. Таму палкоўнік выказаў спадзяванне, што тыя маладыя людзі, якім будзе прысвоена новае званне, стануць сапраўднымі патрыётамі свайго краю, а таксама Радзімы.
Яны, па перакананні Юрыя Бісуна, патрэбны цяпер не менш, чым у гады вайны. “Сёння мы адказныя за будучыню нашай краіны і людзей, якія жывуць у ёй. Якім быць гэтай будучыні? Адназначна адно: гэта залежыць ад кожнага з нас. Ад нашай прыстойнасці, рашучасці і настойлівасці – якасцяў, якія штурхаюць чалавека на вялікія і добрыя подзвігі”, – заўважыў Юрый Юр’евіч.
У сваю чаргу, Максім Бутранец, нібыта працягваючы словы Ю. Бісуна пра вялікую адказнасць кожнага і разам з тым запабягаючы наперад, дадаў, што лёгка ў вучобе і на службе не бывае, тым не менш, суцешыў, запэўніўшы, што кіраўніцтва Пінскага пагранічнага атрада выступае за канструктыўны дыялог і супрацоўніцтва, дзверы гэтай структуры заўсёды адчынены для кожнага курсанта СШ №2 г. Іванава, якому будзе патрэбна дапамога.

Святы абавязак і падарункі


Такім абавязкам для кожнага абаронцы з'яўляецца прысяга – прамоўленая ўслых клятва ў вернасці Айчыне. Пасля зачытання Аляксеем Угляніцам урачыстага абавязацельства і ўручэння начальнікам пагранічнага атрада віцэ-курсантам берэтаў, распачалася кароткая музыкальная праграма. У гэты дзень былі і падарункі ад ганаровых гасцей. Сертыфікаты на суму 1500 рублёў для пашыву зімовай формы курсантаў ад кіраўніцтва Іванаўскага райвыканкама,  на суму 100 рублёў ад Іванаўскага раённага ваеннага камісарыята былі ўручаны дырэктару школы №2 г. Іванава Мікалаю Ярмалюку. У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” работнікі Іванаўскага раённага ваеннага камісарыята падарылі навучэнцам ваенна-патрыятычнага класа салодкія падарункі напярэдадні Раства і Новага года.

Pogran Juryj Bіsun Prymae Ad M. Butranca Znak Adroznennjaza Dapamogu Organam Pagraіchnaj Sluzhby 1


У сваю чаргу здарыўся экспромт – М. Бутранец ад імя старшыні дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёра Анатоля Лапо, уручыў Юрыю Бісуну знак “За дапамогу органам пагранічнай службы”, якім узнагароджваюцца дзяржаўныя служачыя і грамадзянскі персанал.

Радзіма, як маці, адна ў чалавека

Кранальным было выступленне ад імя бацькоў курсантаў Юрыя Угляніцы. Падзякаваўшы ўсім, хто спрычыніўся да свята, Юрый Уладзіміравіч з захапленнем заўважыў, што дзецям, якія сёння сталі віцэ-курсантамі, да твару ваенная форма. Пасля, звяртаючыся да іх, дадаў: “У такім юным узросце вы прынялі прысягу Радзіме, якая, запомніце, як маці, адна-адзіная. Хацеў бы, каб вы ніколі, дзе б далёка ні былі, не забывалі пра Беларусь. Шчасця, здароўя, поспехаў у кар’еры. Заўжды ў душы і думках памятайце пра Радзіму”.

Толькі пачатак узаемадзеяння

Анатоль Ксёндзык, палкоўнік запаса, расказаў, што з Іванаўскай зямлёй, якая стала для яго даўно роднай, у яго самыя добрыя асацыяцыі, таму што 8 чэрвеня 1975 года каля населенага пункта Аброва, у ракетным палку стратэгічнага прызначэння ён прымаў прысягу на вернасць Радзіме. Тут з 1975 па 1980 гады ён праходзіў службу ад радавога да прапаршчыка. А. Ксёндзык акцэнтаваў увагу ўсіх прысутных, што з гэтага моманту пачынаецца цесная сумесная дзейнасць паміж камандваннем Пінскага пагранічнага атрада і ваенна-патрыятычным класам СШ №2
г. Іванава.
Сапраўды, летапіс школы №2 са з’яўленнем у ёй патрыятычнага класа пагранічнай накіраванасці ўзбагаціўся на яшчэ адну прыемную дату. Будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак добрай і высакароднай справы.

Наталля КАЗАКЕВІЧ.
Фота аўтара.