Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Общество

Заступніцтва Божай Маці

snitovo 18 верасня ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы (аг. Снітава) адзначылі свята ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці. Урачыстасць з гэтай нагоды з удзелам святароў Іванаўскага раёна ўзначаліў Высокапрэасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі, які вёў Божую Літургію.

 Дзесяць год таму, 8 верасня 2007 года, у гісторыі аг. Снітава адбылася вялікая для вернікаў падзея – быў асвечаны і адчынены храм Успення Прасвятой Багародзіцы.
Сённяшні храм прыйшоў на змену свайму папярэдніку, які быў зачынены ў 1960-м годзе, а ў 1983-м – разбураны. Амаль паўстагоддзя людзі жылі без сумеснай малітвы, не чулі царкоўнага звону. Тым не менш, вера заставалася ў сэрцах многіх. Сапраўдная. Жывая. Моцная.
15 лютага 2004 года на сходзе жыхароў в. Снітава было прынята рашэнне аб пабудове храма на месцы разбуранага. Ахвяраванні і дапамога многіх людзей – жыхароў, тагачаснага дэпутата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Здановіча, кіраўніцтва  «Снітава-Агра» на чале з Анатолем Аляксеевічам Гліннікам, ветэранаў працы, брыгадзіра будаўнічай брыгады
в. Снітава Аляксандра Максімавіча Антанюка і многіх іншых – паспрыялі таму, што праз два з паловай гады праваслаўная святыня была пабудавана. На свята Уладзімірскай іконы Божай Маці царква была асвечана Уладыкам Стэфанам, архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім. Таму ўрачыстасць у гонар гэтага цудатворнага абраза штогод ладзіцца ў снітаўскім храме.
Уладзімірская ікона – адна з мноства шануемых цудатворных ікон у Рускай Праваслаўнай царкве. У календары яе святкаванню прысвечаны тры дні:

snitovo 2

snitovo 3

snitovo 4


3 чэрвеня, 6 ліпеня, 8 верасня. Згодна з царкоўнай версіяй яе арыгінал напісаў евангеліст Лука. Доўгі шлях адолела ікона (з Іерусаліма, Візантыі, Вышгарада (Украіна), перш чым трапіла ва Уладзімір – горад, які і даў назву гэтаму абразу. Святы Андрэй Багалюбскі перанёс туды яе ў 1155 годзе. У 1395 годзе пры Васілю І ікона была перанесена ў Маскву дзеля абароны горада ад войска эміра Тамерлана. Нібыта ў сне, як апавядае акафіст да іконы, Тамерлан пабачыў «яко всемогущая Царица, множеством воинств Небесных обстоима, со святители Московскими явилася еси нечестивому агарянскому хану и от предел земли Русския отъити повелела еси». Тамерлан паслухмяна выканаў загад. У гонар гэтага заступніцтва Божай Маці было ўстаноўлена свята Уладзімірскай іконы. Цяпер яна захоўваецца ў храме св. Мікалая ў Талмачах пры Траццякоўскай галерэі.
Рабіць мінімальныя прагнозы на далейшае развіццё грамадства і свету сёння выглядае амаль бесперспектыўнай справай з-за таго, што час, у якім мы жывём, па словах афонскага старца Паісія Святагорца, вельмі складаны. Аднак сіла малітвы і сіла веры, як паказвае гісторыя існавання чалавецтва, здольныя зрабіць немагчымае.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.