Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Ззяе праз цемру вякоў святое імя Еўфрасінні

Количество просмотров:

Дакрануцца да духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай мелі магчымасць удзельнікі інтэлектуальнай гульні-конкурсу “Шлях святой асветніцы”, якая прайшла ў будынку нядзельнай школы Свята-Пакроўскага храма нашага горада. Арганізатары мерапрыемства – Іванаўскае благачынне Беларускай Праваслаўнай Царквы і аддзел па адукацыі райвыканкама – ставілі мэту зацікавіць навучэнцаў плённай дзейнасцю асветніцы, паказаць яе пачэснае месца ў старажытнай гісторыі Беларусі.

У ходзе конкурсу больш за паўсотні школьнікаў з усяго раёна ўдзельнічалі ў гульнявай праграме, разгадвалі тэматычныя красворды, выконвалі тэставыя заданні. Пытанні інтэлектуальнага спаборніцтва былі распрацаваны на базе факультатыўнага курсу “Асновы праваслаўнай культуры”. Вучні прадэманстравалі глыбокую дасведчанасць, трывалыя веды па тэме, якія выходзяць за рамкі школьных падручнікаў па гісторыі.
Адчуць атмасферу таго часу, калі самаахвярная князёўна, адрокшыся ад раскошы княжацкага церама, шыкоўных дзявочых сукенак, апранулася ў вопратку з грубага палатна і здзяйсняла свой падзвіжніцкі подзвіг, дапамаглі ўдзельнікам гульні падораныя свяшчэннікам Мікалаем Балюком на памяць аб сустрэчы бэйджыкі на суровай ільняной вяровачцы, а таксама выстава старажытных кніг.
Па выніках конкурсу ўзнагароджаны ўсе ўдзельнікі. Дыпломам першай ступені ўганараваны Марыя Гарох (школа №4 г.Іванава) і Міхаіл Шкаберда (школа №2 г.Іванава), дыпломы другой ступені атрымалі Марыя Ілюшына (Яечкавіцкая школа) і Вераніка Бартош (Тышкавіцкая школа), трэцяй ступені – Андрэй Максімовіч (Сачыўкаўскі ВПК).
Сяброўскія зносіны за салодкім сталом, сумесная ўдзячная малітва надалі мерапрыемству святочную прыўзнятасць, радасную ўзрушанасць.

Ірына САЛОМКА.