Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Першы дзень

Количество просмотров:

ordaУ філатэліі існуе паняцце «Першы дзень». Ім абазначаюць дату, калі ўпершыню ў паштовы зварот трапляе чарговая марка. Такая марка можа быць пагашана спецыяльным штэмпелем, на якім ёсць словы на мове той краіны, якая выпусціла марку, і па-французску: «Першы дзень. Premier jour».
Дзесяць год назад, на 200‑я ўгодкі Напалеона Орды, была выпушчана беларуская марка, якую гасілі штэмпелем “Першы дзень”. У гэтым годзе «Белпошта» марку ў гонар Орды не выпускала. Але своеасаблівы «першы дзень» у Орды ўсё роўна будзе — гэта першы нумар нашай газеты пад новай назвай «Янаўскі край», які мы прысвячаем памяці вялікага рупліўца нашай старасвецкай мінуўшчыны.
Гэтае імя стаіць побач з імёнамі іншых сучаснікаў, якіх параўнальна нядаўна пачалі ўключаць у нацыянальны кантэкст. Мы адкрываем сёння адначасна і імёны, і эпоху. Што шараговы беларус ведае сёння пра пачатак ХІХ стагоддзя? Як жылі тут людзі, пра што думалі, аб чым марылі? Ці шмат хто задумваўся, напрыклад, чаму дзіця палескага шляхціца назвалі Напалеонам? Чаму якраз у Парыжы знайшлося месца гэтаму чалавеку пасля таго, як ён пакінуў Бацькаўшчыну?


Некалькі год назад пачала жыццё Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі». Ужо сёння мы бачым яе ўплыў на станаўленне светапоглядных асноў беларусаў, якія сталі ўсведамляць сябе спадкаемцамі багатай гістарычнай спадчыны. Але не менш, а можа і больш, чым замкі, пра нашу мінуўшчыну могуць расказаць панскія маёнткі. Цікавасць да іх гісторыі, да людзей, якія ў іх жылі, — сёння не меншая, чым да замкаў. Шляхецкія сядзібы і засценкі далі нам Міцкевіча, Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Касцюшку, Крашэўскага, Ластоўскага, Купалу. Сярод гэтых імён — і імя Орды. Жыццё краю шмат у чым вызначалі якраз шляхецкія асяродкі, якія былі цэнтрамі не толькі гаспадарчымі, але і культурнымі, і нават палітычнымі.
Шляхта ўважліва сачыла за падзеямі як у родным краі, так і за яго межамі, цікавілася палітыкай і спрабавала рабіць палітыку. У пачатку ХІХ стагоддзя жыхарам беларускіх губерняў, якія толькі-толькі сталі часткай Расіі, добра было вядома імя імператара Францыі. Якраз у 1807 годзе, калі нарадзіўся Напалеон Орда, яго цёзка-імператар аднавіў польскую дзяржаўнасць у выглядзе Вялікага Герцагства Варшаўскага, што вельмі спадабалася шляхце былога Вялікага Княства Літоўскага. У герцагстве імператар вызваліў ад прыгону польскіх мужыкоў, што выклікала надзею ў беларускага сялянства. Такім чынам, глеба для добрага стаўлення да французаў як з боку шляхты, так і іх прыгонных у будучай вайне на землях былога Вялікага Княства была падрыхтаваная.
Імя хлопчыка, народжанага 210 год назад, — сведчанне гэтаму. Само імя як быццам прадбачыла тое, што яго носьбіту давядзецца доўгі час пражыць у Францыі. Але доляй яму ўсё роўна было наканавана вярнуцца на Бацькаўшчыну. Парадокс, але землі, слаўныя тысячагадовай гераічнай гісторыяй, у той час не мелі нават устойлівых ўласных назваў. Гістарычная Літва забывала сваё імя і ўсё часцей называлася Беларуссю, «Северо-Западным» краем, або проста Забраным краем. Тое самае было і ў іншых землях некалі адзінай велізарнай прасторы — іх прымусова драбілі, прыдумвалі новыя назвы адміністрацыйным адзінкам, сціралі памяць пра агульнае мінулае.
Не згубіць гэтую памяць — вось, здаецца, галоўная задача дзейнасці Орды як мастака. Для яго тэрыторыі сучасных нам Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы — адзіная цывілізацыйная прастора. Таму творца належыць усім чатыром краінам, якія некалі былі адным цэлым. Дзяліць яго спадчыну — марная справа. Але памятаць пра тое, што карэннем ён быў урослы ўсё ж такі ў янаўскую зямлю — трэба.
Ігар Гетман.