Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Безупынна ідзе збожжа

Сёлетняя ўборачная пара выдалася вельмі напружанай. Падчас наліву і паспявання збожжа трымалася анамальна гарачае надвор'е, якое змянілася праліўнымі дажджамі.

Тэхніка прастойвала на мехдварах, а зерне мела вільготнасць вышэй за норму. Аграрыі ведаюць не па чутках, што ўборкі збожжа недастаткова – яго неабходна захаваць. Прамежкавым звяном у гэтым тэхналагічным працэсе з'яўляюцца зернесушыльныя комплексы, дзе збожжа сушыцца і набывае неабходную вільготнасць. Магутныя, абсталяваныя сучаснай тэхнікай ЗСК сёння знаходзяцца ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Агра-Моталь», дзе вырошчваюцца элітныя культуры. Карэспандэнт «ЯК» наведала адну з буйнейшых гаспадарак Іванаўскага раёна, дзе змагла на свае вочы пабачыць работу зернесушыльнага комплексу і пагаварыць з людзьмі, якія задзейнічаны ў гэтым бесперапынным тэхналагічным працэсе.

Першае, на што звяртаеш увагу, калі прыязджаеш у Моталь, – бязмежная працавітасць лю-
дзей і любоў да зямлі, якая перадаецца з малаком маці. Работнікі гаспадаркі штодзённа выходзяць у поле і на ферму, дзе працуюць з ранку да вечара.Нязменнымі героямі ўборачнай кампаніі з'яўляецца звяно ў складзе машыністаў Сцяпана Уладзіміравіча Мінюка, Сяргея Міхайлавіча Шыкалая і Івана Паўлавіча Кузюра, якія задзейнічаны на зернесушыльным комплексе. Гэты працоўны калектыў ужо не першы год паказвае выдатныя вынікі.
Сцяпан Мінюк прыйшоў у гаспадарку ў далёкім 1983 годзе. Яго напарнікі Сяргей Шыкалай і Іван Кузюр – у 1987-м і 1997-м гадах.
– Працоўны дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Магчыма, іншых такі ранні час і палохае, але толькі не нас, – дзеляцца падчас нашай размовы мужчыны, чакаючы чарговую машыну са збожжам. Пасля чаго прапануюць прайсці да ЗСК і бліжэй азнаёміцца з тэхналагічным працэсам.
– Першапачаткова збожжа праходзіць папярэднюю ачыстку і сушку. Штодня на комплекс паступае збожжа з вільготнасцю 20 працэнтаў. Зерне высыпаецца непадалёку ад ЗСК. Пасля гэтага адбываецца загрузка яго ў бункер. Уключаецца рэжым загрузкі і выгрузкі, усталёўваецца пэўная тэмпература. Далей адбываецца праматочны цыкл, дзякуючы якому зерне набывае неабходную вільготнасць – 13-14 працэнтаў. Высушанае збожжа становіцца прыдатным для пасеваў, харчовых мэт, продажу і працяглага захоўвання, – дзеляцца нюансамі сваёй працы Сцяпан Мінюк і Сяргей Шыкалай. Машыніст Іван Кузюр, у сваю чаргу, дадае, што праца на збожжатаку – вельмі адказная:

Zsk Motol 1
Zsk Motol 3


– Даводзіцца ўвесь час сачыць за тэхналагічным працэсам:  каб печка не выбухнула, працаваў у штатным рэжыме бункер, ішоў без затрымак працэс выгрузкі збожжа.
Насенны састаў праходзіць асобную ачыстку. Для гэтых мэтаў прадугледжаны дзве ачышчальныя лініі. На адной з такіх працуе аператар зернеачышчальнай устаноўкі Віктар Сцяпанавіч Лукашэвіч, які ў свой час скончыў сярэднюю спецыяльную ўстанову і атрымаў дыплом па спецыяльнасці аграном. Варта адзначыць, што малады чалавек актыўна прымае ўдзел у грамадскім жыцці, з'яўляецца пастаянным удзельнікам турыстычных злётаў і спартыўных спаборніцтваў, якія праводзяцца ўнутры гаспадаркі і сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна і вобласці.
– Акрамя ўборкі збожжа перад намі штогод стаіць не менш адказная задача - яго сушка.
І, вядома, праца тут павінна быць зладжанай і выразнай. Пакуль займаемся збожжам. Наперадзе важная місія – уборка пшаніцы, кукурузы і зернебабовых культур. Па стане на 9 жніўня намалот збожжа склаў 7574,1 тоны. Дрэнныя ўмовы надвор'я не дазволілі сабраць добры ўраджай. Плануем зжаць 1500 гектараў кукурузы, на якую ўскладаем вялікія надзеі, – адзначыў падчас нашай сустрэчы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Эдуард Алесік.
Мінулыя гады, па словах Эдуарда Анатольевіча, былі значна лягчэйшыя, чым цяперашні:
– Сухога збожжа было значна больш. Зараз практычна ўсё зерне даводзіцца дасушваць. За змену, а гэта ні многа ні мала 12 гадзін, праходзіць каля 150-200 тон збожжа. Для паскарэння працэсу набылі ЗСК, які раней быў задзейнічаны толькі на выставах.
Гаворачы пра харчаванне работнікаў, Эдуард Алесік адзначыў: у нас арганізавана цэнтралізаваная дастаўка гарачых абедаў і ёсць кухня, дзе машыністы могуць прыгатаваць сабе ежу. Да таго ж, штодня яны атрымліваюць падвячорак.
Клопатаў у гаспадарцы хапае з лішкам. Ужо сёння тут пачалі ўборку бульбы, у хуткім часе пачнуцца працы ў садзе, дзе трэба будзе сабраць ураджай яблыкаў. Паралельна з гэтым вядуцца нарыхтоўка кармоў і  працы на ферме. Частка людзей задзейнічана ў лесапільным цэху. Тут вырабляюцца драўляныя паддоны, куды загружаецца прадукцыя, прызначаная для адпраўкі на экспарт за мяжу. Варта адзначыць, што «Агра-Моталь» з'яўляецца шматпрофільным сельгаспрадпрыемствам.
Асноўныя работы плануецца завяршыць да лістапада. Аднак загадваць тут не любяць, бо, як вядома, непагадзь можа ўнесці карэкціроўкі ў любы момант.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.