Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Дзень узышоў, як колас, паўнаважкі

Количество просмотров:

Залацістыя адценні нівы неабсяжнай і васількоў журлівых сінь чысцюткая… Менавіта каласы і васількі з’яўляюцца для беларусаў неаспрэчнымі сімваламі матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту народа, атаясамліваюцца з прывабным вобразам роднага краю. Гэтыя чароўныя колеры жыцця сталі красамоўным упрыгажэннем святочнай сцэны раённага ЦКіНТ, на якой адбывалася хвалюючае дзейства, прысвечанае прафесійнаму святу працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, тактоўна нагадваючы ўдзельнікам імпрэзы аб тым, што ўсе мы родам з вёскі.
Беларусь вясковая, наша маленькая радзіма ва ўсёй сваёй кранальнай непаўторнасці паўстала перад гледачамі падчас пралогу да канцэрта. Трапяткія арабіны і вербы ніцыя ля весніц, бярозавыя пералескі і мяккія хвалі рачныя, легкакрылыя буслы над мурожнымі пожнямі – звыклыя краявіды, якія мільгалі на вялікім экране, пяшчотай захлыналі душу, бо ўсе яны да болю родныя сэрцу.

З краем ціхамірным, сонечным зрадніў іванаўцаў лёс. Тут, на гэтай зямлі, наканавана ім сеяць зерне ў вільготную глебу, спяліць дабрадзейныя нівы, збіраць шчодрыя ўраджаі. Тут, на гэтай зямлі, ім чалавечыцца і атрымліваць пашану за сваю добрасумленную працу. 
Са значнымі набыткамі падышлі да свята аграрыі Іванаўшчыны. Цудоўныя вынікі дасягнуты як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Сёлета раён заняў ганаровае першае месца ў вобласці на ўборцы збожжавых, займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці масланасення рапсу, намалоце насення шматгадовых траў, нарыхтоўцы травяных кармоў, а таксама прадуктыўнасці кароў, сярэднесутачным прыбаўленні буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме.
Дасягненні сельскагаспадарчай галіны раёна адзначыў у сваім віншавальным звароце да землякоў старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук.
– Тыя, хто карпатліва шчыруе на ніве, самааддана працуе ў гаспадарках, заслугоўваюць асаблівай павагі і прызнання, – падкрэсліў Анатолій Уладзіміравіч. – Нават у складаных умовах, звязаных з эпідэміяй каронавірусу, аграпрамысловы комплекс працягваў стабільна працаваць. Не былі дапушчаны збоі ў пастаўках харчавання, своечасова і ў поўным аб'ёме праведзены і пасяўная, і ўборачная кампаніі.На працягу ўсяго гэтага няпростага года ў рэжыме поўнай занятасці працавалі перапрацоўчыя і абслугоўваючыя сельскую гаспадарку прамысловыя прадпрыемствы, дзе працуе больш за паўтары тысячы чалавек.
Старшыня райвыканкама ацаніў уклад у развіццё аграпрамысловай вытворчасці раёна ветэрынарнай і племянной станцый, інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, Іванаўскага ПМС і ПМК-61; абазначыў працоўныя поспехі і патэнцыял сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак; выказаў пашану ветэранам працы, якія перадаюць свае веды і вопыт маладому пакаленню, працуючым пенсіянерам.
Эстаферу віншаванняў прадоўжыла Алена Дарагакупец, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Мы не выраслі выключна на асфальце, усе маем стасункі з вёскай, зямлёй. Таму з любоўю адносімся да працы, якую нам лёсам наканавана вяршыць. Гэта праца не кожнаму пад сілу. Але ўсё ў нас атрымліваецца, бо ў нас правільныя адносіны да кадраў, гаспадаркі ўзначальваюць сапраўдныя лідары. Адзін мудрэц казаў: “Калі табе цяжка ў жыцці, значыць, ты ідзеш угару, калі лёгка – значыць, ляціш у бездань. Складана працаваць у сельскагаспадарчай галіне. Таму мы асуджаны на рух наперад.
Сардэчную ўдзячнасць працаўнікам адрасавалі Віктар Бязсілка, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Людміла Стасевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Святлана Барташ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Днепра-Бугскай выбарчай акрузе № 10.
Падчас урачыстасці прафесіяналы атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды за працоўныя заслугі. Тыя, якім у поўнай меры ўласцівы працалюбства, а таксама ж прыродная сарамяжлівасць, усхвалявана і нават крышачку няёмка пачуваліся на сцэне. І былі яны незвычайна прыгожыя, па-сапраўднаму велічныя ў прамянях плёну працы сваёй, у гэтай сваёй далікатнай сціпласці.
Узнёслую атмасферу на свяце стваралі артысты раённага ЦКіНТ, СДК аг. Моталь, Псышчава, Яечкавічы, в. Махро, Іванаўскай харэаграфічнай школы мастацтваў, Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды і ДШМ аг. Адрыжын. Яскравы талент выканаўцаў быў неаспрэчным 
сведчаннем таго, што рупліўцы песні, якія жывуць на янаўскай зямлі, такія ж апантаныя любімай справай, як і рупліўцы нівы. І ў такой зямлі, насельнікі якой умеюць і працаваць, і весяліцца ад душы, адназначна павінен быць шчаслівы лёс.

selhoz4

selhoz3

den-sh-4

den-sh-6

den-sh-9

selhoz5

concert2

concert1

kioncert7

kioncert1

kioncert4

kioncert9

kioncert5

kioncert6

selhoz1

den-sh-1

 Ірына Саломка.