Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Фермы «Гарбахі» прымаюць гасцей

Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» працягваецца. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Стасевіч на мінулым тыдні наведала МТФ «Гарбаха», фермы «Оўзічы» і «Клімянцінава», якія ўваходзяць у склад ААТ «Гарбаха». Дваццаць пяць жывёлаводаў, якія працуюць на гэтых аб’ектах, за сваю штодзённую руплівую працу пачулі словы падзякі ад Людмілы Аляксееўны, таксама атрымалі грашовыя прэміі. 

Дадзеная акцыя пачалася ў снежні мінулага года і будзе доўжыцца да пачатку красавіка. Як расказала Людміла Аляксееўна, на гэты час яна паспела наведаць дзевяць з дванаццаці існуючых у раёне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – УП «Моладава-Агра», ААТ «Дастоева», ААТ «Псышчава Агра», ААТ «Зара-Агра», ААТ «Тышкавічы», ААТ «Опаль-Агра» і ААТ «Гарбаха».
Шаснаццатага лютага першай кропкай візіту прафсаюзнага лідара аграрыяў была малочна-таварная ферма «Гарбаха», дзе ўтрымліваецца 729 галоў, з іх – 160 дойны статак, 505 – маладняк на дагадоўванне. У мінулым годзе ў параўнанні з 2019 годам вытворчасць малака тут павялічылася і склала 103 %. Калектыў жывёлаводаў налічвае 11 чалавек (усяго на ферме 15 працаўнікоў). Сярод гэтай колькасці ёсць сямейная пара – каля 20-ці год разам даглядаюць жывёл Таццяна Іванаўна і Пётр Пятровіч Лукашыкі. На дваіх у іх 190 жывёл, узрост якіх ад 20 дзён да 6 месяцаў. У размове Таццяна Лукашык аргументавала плюсы сумеснай работы. «Жывёлавод – цяжкая прафесія. Тут трэба мужчынская сіла. Таму мне добра: я, напрыклад, даю цялятам малако, Пётр падсцілае жывёл, большым разносіць сянаж». У мінулым годзе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе па гэтай МТФ – 772 грамы. Пэўны час у маладосці Таццяна Іванаўна працавала па спецыяльнасці швачкай. 
Сёння не шкадуе пра тое, што карэнным чынам некалі змяніла занятак. Хаця са скрухай гаворыць: «Па сваіх дзецях і іх равесніках суджу: маладыя не маюць вялікай ахвоты ісці ў сельскую гаспадарку». Маладога ветэрынара Ганну Налівайка, якая тут працуе ужо трэці год, стаўлю ў прыклад. Ганна – ураджэнка Моладава. Прыроджаная любоў дзяўчыны да жывёл паўплывала на выбар прафесіі. Дарэчы, яе старэйшая сястра таксама ветэрынар. Пасля заканчэння Пінскага сельскагаспадарчага каледжа ў якасці маладога спецыяліста прыехала ў ААТ «Гарбаха». Прафесійную адказнасць адчула з першага дня работы. Дзяўчыне давялося прымаць цяжкі расцёл. Добра помніць, што тады нарадзіўся здаровы бычок. «У гаспадарцы моцная ветэрынарная служба. Гэта вельмі важна, асабліва для пачынаючага спецыяліста», – сцвярджае Ганна Налівайка. Завочна яна вучыцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і з нецярпеннем чакае заняткаў па любімым прадмеце – «Хірургія жывёл». 
Сем чалавек аддана працуюць на ферме «Оўзічы». Раней тут быў дойны статак, цяпер адкормліваюць і дагадоўваюць бычкоў. Агульная іх колькасць – 467 галоў. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе – 778 грамаў. Праца фізічна цяжкая, таму пераважная большасць жывёлаводаў – мужчыны. Калектыў, як расказвае брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Ала Ляшчук, вывераны часам. Некалькі чалавек даўно ўжо прыязджаюць на працу з суседніх вёсак. Пра дасягненні кожнага свайго падначаленага жанчына ведае амаль на памяць. У Анатоля Дзядзюка, напрыклад, самая большая колькасць жывёл на адкорме – 104 галавы. Сярэднясутачныя прыбаўкі жывёл таксама рэкордныя – 932 грамы. У сярэднім жа па ферме гэты паказчык роўны 778 г.
На ферме «Клімянцінава» асноўная працоўная нагрузка прыпадае на брыгадзіра Аляксандра Ільіча Шораха і жывёлавода Антона Іванавіча Пасрэднікава. Разам мужчыны гадуюць на ўзнаўленне статка 320 цялушак. Аляксандр Ільіч з жонкаю, якая цяпер у дэкрэце, а да таго працавала на мясцовым ФАПе, прыехалі ў наш раён са Століншчыны. За дзевяць год работы ў гаспадарцы Аляксандр займаўся рознаю справаю. Праца з жывёламі, як сцвярджаюць мужчыны, мае свае асаблівасці. Аднак самае галоўнае, на іх думку, каб яны былі здаровыя. Тады ісці на работу прыемна ўдвая.

mtf-gorbaha-1

   
 Наталля Крывецкая.