Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Ідзе сяўба

Количество просмотров:

Цёплае надвор’е, што ўсталявалася ў сярэдзіне сакавіка, паклікала аграрыяў Іванаўшчыны ў поле. Глеба зараз мяккая, падатлівая, так і просіць рук чалавечых. Аднымі з першых у раёне вывелі трактары з пасяўнымі агрэгатамі механізатары ўнітарнага прадпрыемства «Моладава-Агра». На мінулым тыдні мы пабывалі ў гаспадарцы раёна, якая ўваходзіць у тройку лідараў па тэмпах сяўбы.

Вясновы дзень год корміць

Знайсці ў кабінеце Аляксандра Паўлюкаўца, намесніка дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве і механізацыі, не вельмі проста. Зараз перад спецыялістам, як і іншымі работнікамі аграпрамысловага комплексу, стаіць адказная задача – правесці пасяўную ў гаспадарцы  ў аптымальныя тэрміны.
– У мяне, вядома, не такі камфартабельны аўтамабіль, як у вас, але іншы транспарт у поле не пройдзе, – з усмешкай запрашае да сябе ў машыну суразмоўца. – Як кажуць, вясновы дзень год корміць. Трэба ўсюды паспець.
Агранамічную службу Аляксандр Мікалаевіч узначальвае ўжо пятнаццаць гадоў. Яшчэ студэнтам хлопец прыехаў на практыку ў «Моладава-Агра», дзе яго запрыкмеціў дырэктар Сцяпан Халько, і прапанаваў маладому спецыялісту пасля атрымання дыплома працаўладкавацца ў гаспадарку галоўным аграномам. Праз некаторы час атрымаў другую вышэйшую адукацыю, скончыўшы Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Безумоўна, праблем у сельскай гаспадарцы хапае, аднак выбарам сваёй прафесіі спецыяліст задаволены:
– Працаваць пад кіраўніцтвам дырэктара, які штогод уносіць у жыццё гаспадаркі нешта новае – адно задавальненне, – канстатуе Аляксандр Паўлюкавец.
Напружаная пара чакае наперадзе

Як паведаміў намеснік дырэктара па раслінаводстве і механізацыі, сёлета плануецца правесці сяўбу 200 гектараў гароху. Акрамя гэтага будзе пасеяна 650 гектараў аднагадовых траў, 750 гектараў кукурузы.
– Гаспадарка грунтоўна падрыхтавалася да пасяўной. Загадзя была адрамантавана і прыведзена ў належны стан тэхніка, людзі прайшлі адпаведны інструктаж. Прыступілі да работы, як толькі дазволіла надвор’е. У цэлым перазімоўка прайшла выдатна. Асобых пытанняў і падстаў для хвалявання няма. Уносім мінеральныя ўгнаенні, падкормліваем глебу. Паралельна з гэтым вядзецца другая падкормка азімых збожжавых культур, вываз і ўнясенне арганічных угнаенняў. У бліжэйшыя дні закончым сяўбу ранніх яравых і шматгадовых траў, затым прыступім да пасеву аднагадовай групы і сяўбы кукурузы, – працягвае А. Паўлюкавец.
Па словах кіраўніка агранамічнай службы, вялікія хваляванні выклікае азімы рапс, які па папярэдніх дадзеных знішчаны на 50 працэнтаў.
– Для нас пасяўная – не вельмі напружаная пара. Калі «нябесная канцылярыя» дазволіць, асноўныя работы завершым у бліжэйшы час. Людзей і тэхнікі  ў нас хапае. Адказнейшая справа – чакае наперадзе, – адзначае Аляксандр Паўлюкавец.

Sev2
Sev3
Sev4
Sev5
Sev6

Добры ўраджай залежыць ад працы людзей

Моладаўцы ўпэўнены: добры ўраджай залежыць не толькі ад аптымальнага выбару ўчастка, пасяўнога матэрыялу, выканання нарматываў па ўнясенні ўгнаенняў, але і чалавечага фактару. І гэта не дзіўна. Ад якасці работы кіроўцы, трактарыста, механізатара і агранамічнай службы ў значнай ступені залежыць аддача хлебнай нівы.
З павагай да роднай зямлі ставяцца трактарыст-машыніст Андрэй Фёдаравіч Шыкеля і трактарыст Фёдар Віктаравіч Вырвіч. Застаць працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны пашчасціла ў полі ў час невялікага перапынку. Зараз мужчыны заняты дыскоўкай глебы, якая дазволіць пазбавіцца ад пустазелля і травы, і падвозам насення.
– Вядома, працаваць цяжка, але мы любім сваю работу. Ведаем, што за клопат зямля абавязкова аддзячыць добрым ураджаем, – зазначаюць механізатары.   
Не менш адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў трактарыст Васіль Мікалаевіч Парасевіч, які задзейнічаны на сяўбе збожжавых і зернебабовых культур.
– Гэты чалавек – з кагорты надзейных і працавітых, перадавік гаспадаркі, – расказвае Аляксандр Паўлюкавец.
Пагутарыўшы з мужчынамі, жадаем ім добрай і якаснай працы, затым адпраўляемся на другое поле.
Па дарозе сустракаем Аляксандра Мікалаевіча Комара, які знаходзіўся за рулём самаходнага апырсквальніка «Раптар», і займаўся другой падкормкай азімых збожжавых і зернебабовых культур. Разам з ім у полі з самага ранку працуе Аляксандр Мікалаевіч Корац. Хутка трактарыст адправіцца ў Асаўніцу на другі ўчастак, дзе працягне сяўбу.
Прыкатваннем глебы падчас нашага візіту займаўся трактарыст Анатоль Мікалаевіч Краўчук. У бягучым годзе гаспадарка набыла новыя каткі, якія дазваляюць ушчыльніць грунт, здрабніць камкі і груды, робячы паверхню поля больш роўнай.
– Механізатарскі састаў у нас наогул выдатны, – не без гордасці адзначае Аляксандр Паўлюкавец.
– Мабыць, сакрэт поспеху ў тым, што ўсе работнікі добрасумленна ставяцца да сваёй працы? – пытаю ў суразмоўцы.
– Калі б не добрасумленна адносіліся, то гаспадарцы патрэбен быў бы не адзін, а пяць аграномаў, кожны ў сваёй галіне, – усміхаючыся, канстатуе Аляксандр Мікалаевіч.

Працуем на канчатковы вынік

Такое выказванне неаднаразова давялося пачуць ад намесніка дырэктара УП «Моладава-Агра» падчас нашай сустрэчы. Пра гэта гаворыць і тое, што на прадпрыемстве працуюць сумленныя, шчырыя, добразычлівыя людзі. Маецца сучасная тэхніка. А самы галоўны фактар – выдатны кіраўнік Сцяпан Халько, дзякуючы якому ўнітарнае прадпрыемства «Моладава-Агра» ведаюць не толькі ў раёне і вобласці, але далёка за межамі краіны.
Дай Божа, каб у моладаўцаў, як і іншых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Іванаўшчыны, усё запланаванае атрымалася.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара .