Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Сельское хозяйство

Пачалі ўборку «каралевы кармоў»

Количество просмотров:

Не паспелі камбайны прыбраць з палёў апошнія гектары збожжавых, як магутная пераабсталяваная тэхніка зноў выйшла ў поле. Сёння перад аграрыямі стаіць адказная і важная місія – уборка і нарыхтоўка на сілас «царыцы палёў», на якую практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы ўскладаюць вялікія надзеі з-за значных страт ураджаю падчас жніва. Адным з першых да ўборкі кукурузы ў Іванаўскім раёне прыступіла адкрытае акцыянернае таварыства «Гарбаха».

Высокая аддача з кожнага гектара

Па дарозе ў гаспадарку з акна рэдакцыйнага аўтамабіля пашчасціла назіраць чароўную карціну: бясконцае кукурузнае поле, па якім плаўна перасоўвалася ўборачная тэхніка, а за рулём знаходзяцца вопытныя камбайнеры і вадзіцелі. Практыка мінулых гадоў паказала, што значны ўплыў на ўраджайнасць кукурузы маюць усё ж не пагодныя фактары, а элементы тэхналогіі, якія прымяняюцца ў гаспадарках. Там, дзе яны строга вытрымліваюцца, ураджайнасць, як правіла, стабільна высокая. Пра гэта не па чутках ведаюць аграрыі ААТ «Гарбаха».
– Уборачная плошча, аддадзеная пад кукурузу на сілас і зялёны корм, у гэтым годзе склала 733 гектары. З кожнага гектара плануем атрымаць высокую аддачу. На сённяшні дзень ураджайнасць зялёнай масы складае 300 цэнтнераў. Насенне на зялёную масу выкарыстоўвалі беларускае. Набывалі на кукурузакалібровачным заводзе ў Івацэвічах. Для нарыхтоўкі збожжа куплялі імпартнае насенне – французскай і швейцарскай вытворчасці, – інфармуе галоўны аграном Андрэй Жыдко, з якім мы накіроўваемся ў Оўзічы, дзе ў полі кіпіць работа.
У гаспадарку мужчына прыйшоў адзінаццаць гадоў таму на пасаду агранома. Праз чатыры гады самаадданай працы быў прызначаны на пасаду галоўнага агранома.
– Сям'я не раўнуе да работы? Усё ж такі сельскагаспадарчая галіна вымушае праводзіць на працы больш часу, чым трэба, – цікаўлюся ў майго суразмоўцы.
– Ведаеце, спачатку было вельмі цяжка. Зараз жонка і дзеці ўжо змірыліся з такім графікам. Разумеюць усю адказнасць маёй працы. Праўда, дзеткі ледзь не штодня цікавяцца: «Тата, калі ты ўжо будзеш дома?», – усміхаючыся, дзеліцца Андрэй Канстанцінавіч.

Uborka Kukuruzy 2
Uborka Kukuruzy 3
Uborka Kukuruzy 4
Uborka Kukuruzy 5
Uborka Kukuruzy 6


Як паведаміў галоўны аграном, да ўборкі «царыцы палёў» прыступілі тыдзень таму. Кукуруза ў гэтым годзе ўрадзіла. У некаторых месцах сцёблы зусім гіганцкія выраслі, вышэй чалавечага росту. Магчыма, так сталася ў тым ліку дзякуючы ўжыванню якаснай насеннай базы і своечасоваму ўнясенню ўгнаенняў у глебу.
– На першым этапе «каралева кармоў» была дрэнная, слабая з-за недахопу вільгаці. Дзякуй Богу, прайшлі дажджы, якія дазволілі набраць неабходную вільготнасць, – адзначае суразмоўца.     

Прыбраць з палёў і даставіць без страт

Якраз гэтыя задачы з'яўляюцца асноўнымі для камбайнераў і вадзіцеляў, задзейнічаных на ўборцы кукурузы. Штодня яны прыбіраюць 20-25 гектараў палёў, з якіх удаецца атрымаць каля 700-800 тон карысных злакаў. Сёння ў полі задзейнічана два кормаўборачных камбайна КВК-800 «Палессе FS 80» і пяць грузавых аўтамабіляў «МАЗ-551605».
Больш за дваццаць пяць гадоў паспяхова за рулём грузавога аўтамабіля працуе вадзіцель Генадзь Янчук. За гэты час мужчына перавёз не адну тысячу тон ураджаю. Разам з ім у гаспадарцы працуюць вопытныя вадзіцелі Іван Міхаевіч і Сяргей Дуль, якія працаўладкаваліся ў 1997-м і 2000-м гадах. У абавязкі вадзіцеляў уваходзіць своечасовая адгрузка і дастаўка «каралевы кармоў» на вагавы склад.
– Да працы падыходзім з усёй адказнасцю. Стараемся адгружаць кукурузу ў кароткі тэрмін, бо тэхніка не павінна прастойваць. Да таго ж, сабраны ўраджай неабходна даставіць без страт, што немалаважна, – тлумачаць вадзіцелі.
Віртуозна і прафесійна падыходзіць да сваёй працы механізатар Аляксандр Картуз. Запрыкмеціўшы ў полі карэспандэнта і даведаўшыся пра мэту нашага візіту, мужчына засаромеўся, пасля чаго папрасіў пару хвілін прывесці сябе ў парадак.
– Не кожны дзень фатаграфуюць у раённую газету. Трэба годна выглядаць, – не хаваючы ўсмешкі, дзеліцца механізатар, у абавязкі якога ўваходзіць своечасовая ўборка кукурузы на сілас і зялёную масу. Акрамя таго, мужчына сочыць за якасцю працэсу, спраўнасцю тэхнікі.

Аптымальная трамбоўка – аснова паспяховага сіласавання

Пасля таго, як кукуруза прыбіраецца з палёў, яна важыцца на вагах. Затым сабраны ўраджай паступае ў сіласную траншэю, дзе адбываецца працэс трамбоўкі і кансервавання на захоўванне. Па парярэдніх разліках на захоўванне будзе закладзена 19-20 тысяч тон ураджаю.
– З-за дрэннага надвор'я ў гэтым годзе мы не дабралі каля 700 тон збожжавых. Ратуе толькі тое, што ў мінулым годзе было намалочана шмат збожжа, больш за 700 тон якога яшчэ засталося ў пераходзячым фон-
дзе. Менавіта таму, без кармоў не застанемся, – дзеліцца Андрэй Жыдко.
З лепшага боку сябе зарэкамендавалі трактарысты Аляксандр Керазь, Уладзімір Міхаевіч, вадзіцелі Іван Краўчанка, механізатар Сяргей Ігнатчук, Міхаіл Ігнатчук, Аляксандр Дзялун. Трактарысты, задзейнічаныя на трамбоўцы, Вячаслаў Федзюковіч і Леанід Рэуцкі. Паралельна з нарыхтоўкай кукурузы ў гаспадарцы вядзецца актыўная падрыхтоўка да сяўбы. Уносяцца ўгнаенні, робіцца закладка сена і сенажу ў рулоны. Уважліва сочыць за працэсам трамбоўкі кіраўнік вытворчага ўчастка Павел Юхнік.

Анастасія ЦАЛЮК.
 Фота аўтара.