Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Свята хлебаробаў і ўраджаю

Количество просмотров:

 Спакон вякоў свята збору ўраджаю было адным з самых яскравых і шчодрых. Гэта добрая, старажытная традыцыя дзякаваць працаўнікам сельскай гаспадаркі за іх нялёгкую працу. У нядзелю, 6 верасня, у Варацэвічах адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур «Дажынкі-2020». Да свята сельскагаспадарчы комплекс Іванаўскага раёна падышоў з высокімі эканамічнымі і вытворчымі паказчыкамі. 

Задоўга да пачатку свята вакол музейнага комплексу Напалеона Орды, на прылеглай тэрыторыі разгарнуліся шматлікія выставы народнай творчасці, вырабаў з саломы і гародніны, падрыхтаваныя работнікамі музейнага комплексу і раённай бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава, выставачныя кампазіцыі «А ў нас Дажыначкі». Побач працавалі гандлёвыя кропкі Іванаўскага раённага спажывецкага таварыства, індывідуальных прадпрымальнікаў. Жадаючыя маглі набыць вырабы народных умельцаў, гародніну, пачаставацца смачнымі шашлыкамі, пловам, юшкай, рознага кшталту напоямі. Асаблівая ўвага гасцей і ўдзельнікаў свята была прыкавана да сялянскай хаты, дзе яскрава быў прадэманстраваны быт сялян тых часоў, драўляная мэбля, ручнікі і абразы. Аматары тэхнікі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з уборачнымі камбайнамі і іншай сельскагаспадарчай тэхнікай, мадэлі якой дэманстраваліся ў рамках мерапрыемства.   


Урачыстая цырымонія адкрыцця раённага свята пачалася з шэсця калоны на чале з кіраўнікамі гаспадарак раёна, з удзелам прадстаўнікоў раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Анатоліем Уладзіміравічам Ткачуком, каравайніц. Па цэнтры крочылі пераможцы жніва, якія неслі каравай. За дэлегацыямі ішлі творчыя калектывы, якія спявалі, гралі на музычных інструментах і запрашалі гасцей і жыхароў вёскі на свята працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. 
Святочная імпрэза «Шлях да хлеба» распачалася на ўпрыгожанай сцэне. Згодна з задумкай сцэнарыстаў бацька вядзе гутарку з родным сынам пра зямлю і працу на ёй. На сцэне і побач з ёй з'явіліся жнейкі са снапамі і галоўным караваем 
Іванаўшчыны. 


Першым да пераможцаў жніва і ўсіх прысутных звярнуўся старшыня Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Анатолій Уладзіміравіч Ткачук. 
– Паважаныя хлебаробы! Дарагія жыхары і госці! Завяршэнне ўборачнай кампаніі для нас, як і для ўсіх беларусаў – вельмі значнае свята. І, перш за ўсё таму, што ў яго ўкладзена велізарная сялянская праца, без якой нават ад самай урадлівай глебы не будзе поўнай аддачы. Зямлі абавязкова патрэбен гаспадар, прычым сапраўдны, руплівы, клапатлівы і працавіты. І я з гонарам адзначаю, што ў нашым раёне шмат людзей, якія адчуваюць зямлю, умеюць гаварыць з ёй на адной мове і яна адказвае ім узаемнасцю. Менавіта такія людзі сабраліся сёння на гэтай імпрэзе, – адзначыў кіраўнік раёна. – Сёлета перадавікоў жніва прымае адкрытае акцыянернае таварыства «Снітава-Агра», экіпажы камбайнераў якога ўжо не першы год трымаюць лідарства на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у раёне, не раз выходзілі прызёрамі абласных спаборніцтваў. 
Няпростым, па словах Анатолія Уладзіміравіча, шмат у чым аказаўся гэты год. Але, нягледзячы ні на што, уборку мы правялі якасна і ў аптымальныя тэрміны. 
Гадавыя аб'ёмы валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі дасягнулі 165 млн. рублёў у грашовым выражэнні. Згодна з праведзеным у краіне маніторынгам работы жывёлагадоўчай галіны, за першае паўгоддзе 2020 года Іванаўскі раён займае 8 пазіцыю сярод 118 раёнаў краіны па прадуктыўнасці кароў. Гэта стала магчымым дзякуючы сур'ёзнай увазе, у тым ліку і фінансавай, да аграрнай галіны з боку дзяржавы. Толькі за апошнія тры гады ў сельскую гаспадарку раёна ўкладзена больш за 83 млн. рублёў інвестыцый, набыта 75 адзінак сучаснай тэхнікі. 
– Падчас уборачнай кампаніі было задзейнічана 100 камбайнаў, сто адзінак тэхнікі на адвозцы збожжа. Прыемна, што ва ўборцы прынялі ўдзел 14 маладзёжных экіпажаў камбайнераў і 15 кіроўцаў ва ўзросце да 31 года, што паказвае працоўную актыўнасць моладзі ва ўборачнай кампаніі. З іх 2 экіпажы намалацілі кожны больш за тысячу тон збожжа, 5 вадзіцеляў перавезлі звыш тысячы тон збожжа ад камбайнаў. Па выніках жніва пераможцамі раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур прызнаны «Моладава-Агра», «Агра-Моталь» і «Гарбаха». Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць у адрас працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый: ААТ «Агра-Моталь», дзе з 1 бала-гектара ворыва атрымана 171,6 кг збожжа; УП «Ляхавіцкае-Агра» – 164,6 кг збожжа; УП «Моладава-Агра» – 152,4 кг збожжа. Варта адзначыць таксама Моталь, Снітава і Ляхавічы, дзе больш за ўсё пераможцаў раённага спаборніцтва ў розных намінацыях. Рубеж ураджайнасці ў 50 цэнтнераў з гектара ў гэтым годзе перасягнулі 4 гаспадаркі раёна: «Снітава-Агра», «Агра-Моталь», «Ляхавіцкае-Агра» і «Моладава-Агра». Яшчэ ў трох ураджайнасць склала больш за 40 цэнтнераў з гектара («Дастоева», «Бакунова» і «Псышчава Агра»). 35 экіпажаў намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа за сезон, а два экіпажы «Снітава-Агра» перасягнулі двухтысячны рубеж. 
Як адзначыў кіраўнік раёна, па папярэдніх падліках у абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур наш раён другі год запар выходзіць пераможцам. 
– Абапіраючыся на вопыт, мы будзем імкнуцца да новых вынікаў, тым больш, што рэзервы для гэтага ёсць. Жадаю ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу поспехаў у вашай нялёгкай працы, добрага надвор'я і вялікіх ураджаяў, упэўненасці ў будучыні. Моцнага вам здароўя, дастатку і сямейнага дабрабыту! Хай хлебная ніва і надалей радуе ўраджаем, а сённяшні дзень падорыць усім добры настрой, радасць зносін з калегамі і сябрамі, – рэзюмаваў Анатолій Уладзіміравіч. 

Старшыня райвыканкама прыступіў да ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборніцтва. Ганаровыя дыпломы Іванаўскага райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур атрымалі: за першае месца – УП «Моладава-Агра», за другое месца – ААТ «Агра-Моталь», за трэцяе – ААТ «Гарбаха». Ганаровыя дыпломы пераможцаў раённага спаборніцтва сярод старшых камбайнераў і камбайнераў атрымалі А.І. Варановіч, Г.М. Дашкун і А.С. Галаўчук («Снітава-Агра»), сярод кіроўцаў –  А.М. Трапачка («Зара-Агра»), С.П. Мельнічук («Машэраўскі»), С.В. Павяльчук («Бакунова»), сярод звенняў аператараў зернесушыльных установак – звяно ў складзе Г.Р. Пракапюка, А.С. Карпука, А.У. Масюка, С.М. Валашчука («Ляхавіцкае-Агра»), М.П. Рамановіча і П.І. Рацыка («Агра-Моталь»), А.В. Дубіка і С.К. Кацко («Машэраўскі»). Узнагароды таксама атрымалі галоўны аграном УП «Ляхавіцкае-Агра» Д.В. Галаўчук і галоўны інжынер ААТ «Агра-Моталь» С.А. Рамановіч. Анатолій Уладзіміравіч уручыў Граматы райвыканкама перадавікам за добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і аграпрамысловага комплексу Іванаўскага раёна. 
Далей эстафету пераняў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Іванавіч Бязсілка. Ганаровыя дыпломы пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зернебабовых і збожжавых культур ён уручыў маладым камбайнерам В.С. Раманюку («Псышчава Агра»), А.Д. Рамановічу («Агра-Моталь»), А.М. Барысюку («Бакунова»), маладым кіроўцам С.І. Барташу («Агра-Моталь»), Я.Г. Шкабара («Дастоева»), М.П. Зіновіку («Ляхавіцкае-Агра»). 
Акрамя таго, Віктар Іванавіч уручыў Граматы Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў і Лісты падзякі райвыканкама прадстаўнікам сельскагаспадарчай галіны. 
Пра нялёгкую, але  пачэсную працу хлебаробаў гаварыў старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў 
аграпрамысловага комплексу Аляксандр Паўлавіч Саланевіч, які ўручыў Ганаровую грамату і Лісты падзякі за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі дырэктару ААТ «Снітава-Агра» А.А. Глінніку, інжынеру па ахове працы ААТ «Дастоева», старшыні прафсаюзнага камітэта М.Ф. Амельчуку і загадчыцы сталовай ААТ «Машэраўскі» В.В. Калодзіч. Шэраг работнікаў сельскіх гаспадарак раёна атрымалі Лісты падзякі і падарункі, грашовыя прэміі ад Іванаўскага райкама прафсаюза АПК. 
Цёплыя словы ў адрас работнікаў аграпрамысловага комплексу гучалі са сцэны ў гэты дзень ад старшыні Іванаўскага раённага аграпрамысловага саюза Анатоля Алексеевіча Глінніка, які ўручыў Ганаровы дыплом Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза М.А. Кацко, дырэктару ААТ «Гарбаха», пераможцу конкурсу на званне «Лепшы кіраўнік» за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці працы прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўвання сельскай гаспадаркі 2019 года, які заняў першае месца сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, да якіх на працягу двух гадоў, папярэднічаючых справаздачнаму году, былі далучаны стратныя прадпрыемствы. Ганаровыя граматы Іванаўскага раённага аграпрамысловага саюза за шматгадовую працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, вялікі ўклад ў рашэнне задач, якія стаяць перад раённым аграпрамысловым саюзам, атрымалі іншыя вопытныя аграрыі. Удзячнасць за плённую працу адрасавала ў адрас хлебаробаў старшыня раённай арганізацыі РАА «Белая Русь» Дзіяна Анатольеўна Крэс, якая ўручыла шэрагу работнікаў Граматы і грашовыя прэміі. 
Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства пачаўся тэатралізаваны святочны канцэрт-віншаванне «З любоўю да людзей і зямлі». На свята да хлебаробаў завітаў сам... Напалеон Орда, які прыняў удзел у святочным балі. Удзельнікі тэатра гумару «Лабуры» падарылі прысутным добры настрой дзякуючы святочнай замалёўцы «Вясковы перапалох» – каго там толькі не было: і старшыня калгаса, і загадчыца сельмагам, і работнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства, і старшыня сельсавета, брыгадзір і іншыя. Пераапранутыя работнікі культуры так ужыліся ў свае ролі, што ў поўнай меры змаглі перадаць каларыт сельскіх жыхароў, прэзентаваць «Снітаўскае вяселле на кірмашы», якое нікога не пакінула раўнадушным. 
Прадоўжылася свята фестывалем фарбаў «Color Fest». На працягу свята працавалі дзіцячыя атракцыёны. Добры настрой усім прысутным дарылі работнікі раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, удзельнікі творчых калектываў і аматарскіх аб'яднанняў Іванаўшчыны, пінскія музыкі. 


Анастасія Цалюк. 
Фото  Валерый Міхальчук.