Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Сельское хозяйство

Свята ў Опалі

Количество просмотров:

У пятніцу, 16 лістапада, у аграгарадку Опаль адбылося свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, на якім ушаноўвалі пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, уборка збожжавых была праведзена ў аптымальныя тэрміны.

Па-святочнаму ўпрыгожаным быў Опальскі сельскі Дом культуры – галоўная пляцоўка, дзе сёлета ладзілася свята.
Удзельнікі маглі азнаёміцца з тэматычнымі выставамі, арганізаванымі работнікамі раённай бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава, пачаставацца стравамі ў «Бровары». Творчыя і самадзейныя калектывы Цэнтра культуры і народных традыцый і сельскіх Дамоў культуры раёна галасіста запрашалі прысутных прайсці ў актавую залу. Каля сцэны, упрыгожанай беларускім арнаментам,  былі ўсталяваны стойкі з назвамі гаспадарак і сімвалам ураджаю – караваем.
Урачыстасць пачалася тэатралізаваным пралогам, які нагадаў гледачам пра жыццяважнае значэнне хлебаробаў – людзей, якія сваёй руплівасцю, любоўю да роднай зямлі ды гаспадарскім стаўленнем да даручанай справы заслужылі гонар і павагу.  
Затым вядучыя запрасілі на сцэну старшыню Іванаўскага райвыканкама Юрыя Бісуна.
– Паважаныя працаўнікі Іванаўшчыны, дарагія госці! Прыміце шчырыя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сёння мы ўшаноўваем тых, хто любіць зямлю, умее працаваць на ёй рупліва і па-гаспадарску, хто даносіць вынікі працы аграрыяў да стала спажыўцоў. І не выпадкова мы сабраліся ў аграгарадку Опаль, бо большасць працаўнікоў аграпрамысловага комплексу пражывае менавіта ў сельскай мясцовасці, – з гэтых слоў пачаў сваё выступленне Юрый Юр’евіч. – Гэтае свята мы адзначаем у той час, калі сабраны ўраджай, нарыхтаваны корм, пасеяны азімыя культуры і ўжо можна казаць пра вынікі нашай працы і далейшыя перспектывы развіцця. У чарговы раз надвор'е нас не цешыла. Валавы намалот збожжа і зернебабовых культур (без кукурузы) у бягучым годзе склаў 61,5 тысячы тон у бункернай вазе, а гэта толькі 85% да ўзроўню мінулага года. Кукурузы на зерне намалацілі амаль 26 тысяч тон, што ў 1,5 разы больш, чым у мінулым годзе пры сярэдняй ура-
джайнасці 87 цэнтнераў з гектара. Пры гэтым акцыянерныя таварыствы «Снітава-Агра», «Гарбаха», «Машэраўскі», «Псышчава Агра» і «Тышкавічы-Агра» атрымалі ўраджайнасць звыш 100 цэнтнераў з гектара.
Асаблівыя словы падзякі кіраўнік раёна адрасаваў калектывам-пераможцам раённага спаборніцтва – УП «Ляхавіцкае-Агра», ААТ «Опаль-Агра» і «Агра-Моталь» – за тое, што яны сталі прыкладам працавітасці, адказнасці і сапраўднай любові да роднай зямлі. Гаворачы пра вынікі абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, Юрый Юр’евіч адзначыў унітарнае прадпрыемства «Моладава-Агра», якое ў гэтым годзе заняло трэцяе месца, а таксама камбайнёраў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных установак і галоўнага агранома УП «Моладава-Агра», якія ўвайшлі ў лік пераможцаў. Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама падкрэсліў вынікі жывёлагадоўлі. Сёння Іванаўскі раён займае дзевятую пазіцыю сярод 118 раёнаў краіны па прадуктыўнасці кароў. У бягучым годзе працягваецца будаўніцтва дзвюх малочна-таварных ферм, ужо пачата будаўніцтва дзвюх новых. Словы віншавання і падзякі былі адрасаваны таксама фермерскім сялянскім гаспадаркам і перапрацоўчым прадпрыемствам, чыя дзейнасць звязана з сельскай гаспадаркай.
Пасля старшыня Іванаўскага райвыканкама ўручыў узнагароды пераможцам. Ганаровыя дыпломы райвыканкама з рук Юрыя Юр’евіча Бісуна за перамогу ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур атрымалі УП «Ляхавіцкае-Агра», ААТ «Опаль-Агра», ААТ «Агра-Моталь» (першае, другое, трэцяе месцы адправедна). Таксама кіраўнік раёна ўзнагародзіў гаспадаркі, якія сёлета сталі пераможцамі сярод сельгасарганізацый на нарыхтоўцы травяных кармоў: УП «Моладава-Агра» (першае месца), ААТ «Псышчава Агра» (другое месца) і «Дастоева» (трэцяе месца).
Граматы і Лісты падзякі Юрый Юр’евіч уручыў шэрагу работнікаў арганізацый раёна за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловай галіны. Далей слова ўзяў старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Андрэевіч Мурашкін, які выказаў словы падзякі працаўнікам вёскі за іх працу і прафесіяналізм, адносіны да справы, пажадаў поспехаў у жыцці і працы. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ён узнагародзіў дырэктара ААТ «Псышчава Агра» В.М. Андрусевіча (за плённую працу, прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці), ААТ «Опаль-Агра» (за трэцяе месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да працы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ). Ганаровую грамату  Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Андрэевіч уручыў дырэктару ААТ «Машэраўскі» Г.А. Усцімчуку, Ліст падзякі – галоўнаму аграному ААТ «Снітава-Агра» А.М. Лукшу, Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама – галоўнаму заатэхніку ААТ «Псышчава Агра» Г.І. Аскірка і галоўнаму інжынеру ААТ «Бакунова» А.М. Гетманчуку, Грамату Брэсцкага аблвыканкама – галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу ААТ «Гарбаха» М.М. Шчэрбіч, Ліст падзякі – С.У. Цыгельніку (УП «Ляхавіцкае-Агра»), Дыплом аблвыканкама за першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці масланасення рапсу сярод сельгасарганізацый і іншых арганізацый – ААТ «Агра-Моталь», ганаровыя граматы Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза – дырэктарам УП «Моладава-Агра», ААТ «Агра-Моталь» і «Снітава-Агра» С.П. Халько, В.М. Каштальяну і А.А. Глінніку.

Den Sh 10
Den Sh 11
Den Sh 12
Den Sh 13
Den Sh 2
Den Sh 3
Den Sh 4
Den Sh 5
Den Sh 6
Den Sh 7
Den Sh 8
Den Sh 9

Намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Сяргеевіч Маліч у сваю чаргу падкрэсліў значнасць працы сельскіх работнікаў, павіншаваў прысутных з прафесійным святам, пажадаў моцнага здароўя і поспехаў, пасля чаго ўзнагародзіў пераможцаў жніва-2018, а таксама тых работнікаў і кіраўнікоў, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна.
Не засталіся ў баку ад віншаванняў старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Паўлаўна Дарагакупец, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Пятроўна Бісун, якія таксама ў гэты дзень узнагародзілі Ганаровымі граматамі лепшых работнікаў сельскагаспадарчай галіны. Словы падзякі аграрыям выказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Іванавіч Дарагакупец. Граматамі раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» ён адзначыў самых актыўных прадстаўнікоў пярвічных арганізацый, якія сёння працуюць у сельскай гаспадарцы.
Варта адзначыць, што на свяце прысутнічалі і замежныя ганаровыя госці – суседзі з Польшчы, з якімі нас звязваюць сяброўскія сувязі. На свята ў Опаль завітаў пан Яцэк Хура – войт гміны Янаў-Падляскі. Ён падзякаваў Юрыю Юр’евічу за запрашэнне на фестываль, павіншаваў работнікаў гаспадарак Іванаўскага раёна з іх прафесійным святам.
Па заканчэнні афіцыйнай часткі мерапрыемства пачалася канцэртная праграма, якую падрыхтавалі работнікі раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, удзельнікі творчых калектываў і аматарскіх аб’яднанняў Іванаўшчыны, тэатр народнага гумару «Лабуры».  

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.