Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Сельское хозяйство

Свята рупліўцаў нівы

Количество просмотров:

Абласныя «Дажынкі» ў гэтым годзе прымала мястэчка Дывін на Кобрыншчыне. Сюды з’ехаліся хлебаробы Берасцейшчыны на сваё свята ў мінулую суботу. 

Дывін – мястэчка старадаўняе, вядомае некалькі стагоддзяў. У яго гісторыі былі і росквіт, і заняпад. У якім стане  Дывін знаходзіцца сёння? Дакладна яго не назавеш квітнеючым, хоць шмат што ўдалося зрабіць якраз у рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» – абноўленыя будынкі, новы асфальт на дарогах,  свежая плітка на тратуарах. Свята скончыцца, а памяць пра яго ў местачкоўцаў застанецца.
Святочная калона прайшла па цэнтральных вуліцах мястэчка. Нават калі б не было вядома, што ганараванне прысвечана хлебаробам, нельга было б памыліцца, проста глянуўшы на ўдзельнікаў шэсця. Сур’ёзныя твары, абпаленыя сонцам, былі адзнакай ледзь не ўсіх удзельнікаў свята. І гэта зразумела: у гарачую пару ўборкі ў полі знаходзіліся не толькі камбайнеры або кіроўцы, але і кіраўнікі гаспадарак, і старшыні райвыканкамаў. 
Салідны вынік быў бы немагчымым без зладжанай работы ўсіх зацікаўленых у яго атрыманні. А вынік сапраўды ўражвае: ён на 12% лепшы за мінулагодні і самы высокі за гады бягучай пяцігодкі.
– Валавы збор склаў 1350 тон збожжа – больш за тону на кожнага жыхара рэгіёна пры ўраджайнасці 39,6 цэнтнера з гектара. Гэта на чатыры цэнтнеры вышэй, чым у мінулым годзе, таксама някепскім. Лічу, што задача, якую мы ставілі перад нашымі хлебаробамі, выканана, – сказаў у сваім выступленні кіраўнік вобласці А.В. Ліс.


Пераможцам абласнога спаборніцтва на ўборцы сярод раёнаў вобласці другі год запар становіцца Іванаўскі раён. Таму для падняцця флага «Дажынак» быў запрошаны кіраўнік Іванаўшчыны А.У. Ткачук. У час урачыстага ўзнагароджання дыплом пераможцы яму ўручыў старшыня аблвыканкама.
Пераможцам сярод сельскагаспадарчых арганізацый вобласці стала наша  УП «Ляхавіцкае-Агра». Яго кіраўнік У.Р. Марковіч таксама атрымаў узнагароду з рук кіраўніка вобласці.
Дзясяткі разоў падымаліся на сцэну лепшыя хлебаробы з усіх куткоў вобласці, у тым ліку і нашы янаўцы. У іх адрас гучалі словы падзякі, уручаліся самыя розныя ўзнагароды. Усё гэта – знак той пашаны, якая традыцыйна аддаецца хлебаробам у Беларусі. Напэўна, без такога свята як «Дажынкі» не можа абыходзіцца краіна, якая столькі ўвагі надае развіццю сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчы цыкл быў бы няпоўным, калі б не меў сваёй складовай часткай ганараванне лепшых хлебаробаў, калі б дзяржава не ўсведамляла ролю вясковага працаўніка ў сваім дабрабыце і харчовай бяспецы цэлай краіны.  Такое ўсведамленне – адна з прыкмет таго, што краіна па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі трымае клопаты і патрэбы рупліўцаў беларускай вёскі. 

 Ігар Гетман.
 Фота: Анастасія Цалюк.