Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Сельское хозяйство

Тэхніка павінна працаваць

Количество просмотров:

У часы калгаснага будаўніцтва пытанне механізацыі сельскай гаспадаркі стаяла паўсюдна.

Праз дзесяцігоддзі аўтатрактарная тэхніка выконвае большасць важнейшых работ у полі, на ферме. І я не памылюся, калі скажу, што менавіта мехдвор з'яўляецца сэрцам сельгаспрадпрыемства. Як і любы механізм, высокатэхналагічная тэхніка мае патрэбу ў рэгулярным абслугоўванні. Але асабліва востра гэтае пытанне стаіць напярэдадні вясновых палявых работ. Таму традыцыйна ў лютым пачынаюцца тэхнічныя агляды трактароў, прычэпаў і самаходных машын.

Рашэннем райвыканкама
зацверджаны графік правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду (яго мы публікавалі на старонках раённай газеты яшчэ ў студзені), згодна з якім усе арганізацыі, якія маюць трактарную тэхніку, прыватныя ўладальнікі павінны прадставіць трактары ва ўстаноўленыя графікам тэрміны. Наогул тэхнічны агляд трактарнай тэхнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў павінен завяршыцца да 1 красавіка, пазней – да 1 мая – кормаўборачных, да 1 ліпеня – збожжаўборачных камбайнаў.
У цэлым праверцы ў раёне падлягае 576 трактароў, 192 прычэпы, 30 адзінак самаходных машын (кормараздатчыкі, апырсквальнікі і г.д.), якія знаходзяцца на балансе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 264 трактары і 95 прычэпаў – у іншых арганізацыях, а таксама каля 400 адзінак транспарту і 65 прычэпаў, якія належаць прыватным уладальнікам і зарэгістраваны ў раёне.
Загадам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама створана камісія, куды ўвайшлі Г.С. Ціпун, галоўны дзяржаўны інспектар раённай інспекцыі Дзяржтэхагляду, І.Л. Карпінчык і А.М. Шаўчук, галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу, С.Р. Мароз, прадстаўнік ДАІ Іванаўскага РАУС. Камісія правярае камплектнасць, тэхнічны стан агрэгатаў (рулявое кіраванне, тормаз, светлавую сігналізацыю, знешні выгляд, афарбоўку), наяўнасць вогнетушыцеля, медыцынскай аптэчкі, знака аварыйнага прыпынку, звярае нумары з дадзенымі тэхнічнага талона, у механізатараў у абавязковым парадку правяраецца пасведчанне трактарыста-машыніста, медыцынская даведка, страхавое пасведчанне.

Tehosmotr 1
Tehosmotr 2
Tehosmotr 3
Tehosmotr 5


Пры выяўленні дробязнай няспраўнасці ўладальнік транспартнага сродку мае права (за час знаходжання на ўчастку тэхнічнага інспектара) выправіць непаладку і неадкладна прайсці тэхагляд. Пры больш сур'ёзных хібах, якія патрабуюць працяглага ўмяшання, выпісваецца прадпісанне аб забароне эксплуатацыі ТС да ліквідацыі няспраўнасці. Паўторны тэхагляд можна прайсці па ўзгадненні з інспекцыяй і ДАІ.
9 лютага першымі ў раёне тэхнічны агляд прайшлі аграрыі ААТ «Машэраўскі», якія прадставілі 24 трактары і 7 прычэпаў. У гаспадарцы маецца сучасны і добраўпарадкаваны машынна-трактарны парк, дзе створаны ўсе ўмовы для працы і побыту механізатараў.
– А таму, – як адзначыў старшыня камісіі Генадзь Сцяпанавіч Ціпун, – падрыхтоўка праве-
дзена на высокім узроўні. Уся тэхніка спраўная, механізатары маюць легітымныя пасведчанні, страхоўкі, меддаведкі. У цэлым сур'ёзных заўваг не выяўлена.
Асабліва прыклалі намаганні ў гэтым пытанні інжынерная служба і механізатары прадпрыемства. Прысутны на мерапрыемстве кіраўнік таварыства Г.А. Усцімчук падзякаваў ім і прэміяваў за адказнасць і стараннасць. Генадзь Антонавіч падкрэсліў, што на падрыхтоўку тэхнікі да тэхагляду было затрачана больш за 70 тысяч рублёў, што не магло не адбіцца на яго выніках.
Затым члены камісіі правялі нараду з працаўнікамі майстэрняў, падчас якой распавялі пра беражлівае стаўленне да тэхнікі, захаванне вытворчай дысцыпліны, правіл тэхнікі бяспекі,  аховы працы і г.д.
На гэтым тыдні тэхагляд адбыўся яшчэ ў дзвюх гаспадарках – УП «Ляхавіцкае-Агра» і ААТ «Дружылавічы». Апошнімі ў графіку стаяць ААТ «Зара-Агра» (16 сакавіка) і «Іванаўскі райаграсэрвіс» (20 сакавіка).
Надвор'е ўносіць свае карэктывы. Аднак час да 1 красавіка яшчэ ёсць. Тэхніка павінна працаваць, – дадаў Г.С. Ціпун. – Хачу нагадаць, што перад правядзеннем тэхагляду арганізацыя, гэтак жа, як і прыватная асоба, абавязаная аплаціць дзяржпошліну ў памеры 0,3 базавай велічыні – за трактар і 0,2 – за прычэп. Тыя, хто не здолеў прадставіць транспартны сродак згодна з графікам, могуць звярнуцца з заявай у сельвыканкам для ўзгаднення даты правядзення паўторнай праверкі альбо ў прыёмныя дні – панядзелак і чацвер – прайсці тэхагляд у Іванаве.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.