Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

Атлеты паказалі клас

Количество просмотров:

Не перастаю здзіўляцца, наколькі ўсё ж актыўныя нашы ўстановы адукацыі літаральна па ўсіх напрамках дзейнасці. Школьнікі пад чулым кіраўніцтвам педагогаў удзельнічаюць у алімпіядах, рыхтуюць праекты на навуковыя канферэнцыі, змагаюцца ў спаборніцтвах. А спартыўная частка гэтага працэсу ў рамках 73-й спартакіяды школьнікаў наогул уключае дзясяткі спаборніцтваў. Адно з самых маштабных з іх прайшло 4 і 5 мая на базе Іванаўскай ДЮСШ.

Першынство раёна па лёгкай атлетыцы ўжо не першы год збірае не адну сотню юных спартсменаў з усіх школ раёна. Для больш справядлівай ацэнкі ўстановы адукацыі дзеляцца на 4 групы: гарадскія, сельскія узбуйненыя, малакамплектныя і базавыя школы, таксама як і ўдзельнікі па ўзростам. У залежнасці ад катэгорыі, спаборніцтва ўключалі забегі на доўгія і кароткія дыстанцыі, спартыўную хадзьбу, скачкі ў даўжыню і вышыню, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра. Баталіі адбываліся ў адзін і той жа час, таму стадыён нагадваў мурашнік, а гледачам было на што паглядзець. Абвяшчэнне вынікаў і ўзнагароджанне прызёраў праходзіла адразу пасля завяршэння таго ці іншага спаборніцтва. Адных толькі пераможцаў атрымалася больш за 70 чалавек, таму мы не будзем называць іх пайменна, агучым толькі вынікі каманднага заліку. У першай групе перамогу атрымала СШ №3 г. Іванава, другое месца заняла гімназія, трэцяе – СШ №4. Сярод узбуйненых сельскіх школ першынствавала Рудская СШ, астатні п'едэстал гонару занялі Махроўская і Яечкавіцкая СШ. У групе малакамплектных сярэдніх школ тройка лідараў вызначылася ў наступнай паслядоўнасці: Опальскі ВПК д/с-СШ, Дастоеўская СШ і Псышчаўскі ВПК д/с-СШ. Лепшымі базавымі школамі па выніках першынства сталі Гарбахская БШ (1 месца), Патапавіцкі ВПК д/с-БШ (2 месца), Снітаўская БШ (3 месца).

Atletika 1
Atletika 2
Atletika 3
Atletika 4
Atletika 5


Усе прызёры ўзнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама, а каманды-пераможцы – кубкамі.  Падчас першынства таксама адабраны спартсмены для ўдзелу ў спаборніцтвах больш высокага ўзроўню. У канцы мінулага тыдня першыя з іх прайшлі ў Брэсце – першынство вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 г.н. Лепшыя вынікі паказалі Максім Артысюк (Яечкавіцкая СШ) - 3 месца ў бегу на 2 км з перашкодамі, Кірыл Казакевіч (Рудская СШ) – 2 месца ў мнагабор'і, Андрэй Устымчук (СШ № 4) – 2 месца ў бегу на 1,5 км, Кацярына Масюк (Мотальская СДЮШАР) – 1 месца ў бегу на 300 і 800 метраў.
Сярод бліжэйшых стартаў – алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці для ўдзельнікаў 2002-2003 г.н. 28 і 29 мая, а таксама абласная спартакіяда школьнікаў 2005-2006 г.н., якая пройдзе 4 і 5 чэрвеня.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
НА ЗДЫМКАХ: моманты спаборніцтваў.
 Фота аўтара.