Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

«Аякс» – другі

Количество просмотров:

З 11 мая па 4 жніўня каманда Іванаўскага раённага ФСК прыняла ўдзел у аматарскім турніры па футболе ў Пінску – 8х8. Гэта не першы вопыт выступлення іванаўцаў у дадзеным турніры. Адметнай яго асаблівасцю з'яўляецца тое, што ўсе каманды выбіралі сабе назву з ліку клубаў, якія выступаюць у прафесійных лігах. У прыватнасці, наша каманда атрымала назву «Аякс» (шматразовыя чэмпіёны Галандыі – заўв. аўт).

У склад зборнай увайшлі маладыя футбалісты, якія граюць за ЛФК «Прайд», узмоцненыя вопытнымі спартсменамі ФК «Іванава».
На працягу амаль трох месяцаў гульні праводзіліся на штучных палях Акадэміі футбола ў мікрараёне «Вясёлкавы» г. Пінска па аўторках і пятніцах. Удзел у баталіях прынялі дзевяць каманд, якія вызначылі пераможцу ў двухкругавым фармаце.
Нашы землякі ўпэўнена стартавалі ў турніры. У першай жа гульні быў пераможаны будучы чэмпіён – каманда «ПСЖ» – «Пінскдрэў» з лікам 5-1. Потым былі яшчэ 3 перамогі над супернікамі. Аднак да сярэдзіны першага круга каманда страціла ачкі ў некалькіх матчах.
Другі круг выдаўся больш паспяховым. У апошнім матчы іванаўцам супрацьстаяла каманда «Тарпеда» – «Кузлітмаш», якая знаходзілася ў той момант на 2-м месцы і апярэджвала «Аякс» толькі на ачко. Праявіўшы характар і трываласць, нашы футбалісты перамаглі з лікам 2-1.
Па выніках першынства першае месца заваявала каманда «ПСЖ» – «Пінскдрэў», другое дасталося «Аяксу» – Іванаўскі РФСК, трэцяе – «Тарпеда» – «Кузлітмаш».
Лепшым іграком розыгрышу ў намінацыі гол+пас прызнаны нападаючы Іванаўскага раёна Дзмітрый Цыганчук. Прыз у намінацыі «Адкрыццё турніру» атрымаў Станіслаў Куліна, які быў заўважаны галоўным трэнерам ФК «Волна» і запрошаны ў клуб. У цяперашні момант Станіслаў падпісаў кантракт з ФК «Волна» і выступае ў 1-й лізе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.

Валерый МІХАЛЬЧУК.