Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

«Брэсцкая лыжня» ў Іванаве

Зімовы спартыўны сезон у гэтым годзе не быў асабліва насычаным – віной таму ўмовы надвор'я і другая хваля пандэміі. Аднак у лютым аматары актыўнага адпачынку ўсё ж змаглі атрымаць сваю дозу станоўчых эмоцый. Незвычайна масавым і захапляльным атрымаўся ў мінулыя выхадныя раённы этап зімовага спартыўнага свята «Брэсцкая лыжня-2021». 

Нягледзячы на раптоўнае пацяпленне і дождж, які прайшоў напярэдадні, траса вакол гарадскога вадасховішча захавала неабходны для правядзення спаборніцтваў аб'ём снегу, а таму яны прайшлі ў адпаведнасці з вызначанымі загадзя планамі. Заяўкі на ўдзел у  біятлонных гонках падалі 19 каманд, што, мабыць, з'яўляецца рэкордным паказчыкам за апошнія пяць гадоў. 
Адкрыў спаборніцтвы  старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Уладзіміравіч Ткачук. Ён пажадаў усім удзельнікам поспехаў, добрых вынікаў і выдатнага настрою.
Гонка ўяўляла сабой эстафету, у якой удзельнічалі двое мужчын і адна жанчына. Неабходна было пераадолець адзін круг (каля 750 метраў) і здзейсніць пяць стрэлаў з пнеўматычнай вінтоўкі з палажэння лежачы. У выпадку промахаў, прызначаліся штрафныя кругі (каля 40 метраў). Час фіксаваўся па фінішу апошняга члена каманды. 
У кожным забегу, за выключэннем аднаго, стартавалі па чатыры каманды. І, шчыра кажучы, самым інтрыгуючым быў першы з іх. Тут асноўная барацьба разгарнулася паміж зборнымі раённага выканаўчага камітэта і аддзела па адукацыі. Калі па трасе больш упэўнена ішлі вопытныя прадстаўнікі вертыкалі, то са стральбой лепш управіліся педагогі. У выніку якраз яны з вынікам 13 хвілін 30 секунд фінішавалі першымі. Каманда райвыканкама саступіла ім амаль дзве хвіліны. Абедзве дружыны задалі высокі тэмп, які цяжка было дасягнуць іншым  спартсменам. Наблізіцца да іх змаглі толькі біятланісты з аб'яднанай зборнай Іванаўскіх РАНС і ЖКГ, якія паказалі вынік 18 хвілін роўна, заняўшы трэцяе месца. З усіх удзельнікаў у 20-хвілінным інтэрвале фінішавалі таксама каманды аддзела культуры райвыканкама (19,21 хв. – 4 месца), Рудскага сельвыканкама (19, 24 хв. – 5 месца) і Опальскага сельвыканкама (19, 27 хв. – 6 месца). Разрывы паміж камандамі часам дасягалі круга і больш, аднак на энтузіязм удзельнікаў гэта ніяк не паўплывала. Акрамя таго, добры настрой спартсменам на працягу ўсяго спаборнага дня стваралі артысты раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, а яшчэ кожны прысутны мог выпіць кубачак гарбаты ці кавы ў прыкуску з рознымі прысмакамі ў палатцы 
Іванаўскага райспажыўтаварыства. 
Вынікі эстафеты падвёў Анатолій Уладзіміравіч Ткачук, які падзякаваў усіх за ўдзел у спаборніцтвах і ўручыў дыпломы, медалі і кубкі раённага выканаўчага камітэта прызёрам – аддзелу па адукацыі, камандзе райвыканкама і зборнай Іванаўскіх РАНС і ЖКГ. Дарэчы, каманда райвыканкама прадставіць Іванаўскі раён на абласным этапе «Брэсцкай лыжні», які 
пройдзе ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна.
Аргкамітэт спаборніцтваў выказвае словы падзякі за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства КУМВП ЖКГ «Іванаўская ЖКГ», Іванаўскаму райспажыўтаварыству, аддзелу культуры райвыканкама, раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

lyzhnja-7

lyzhnja-5

lyzhnja-2

lyzhnja-3

lyzhnja-10

lyzhnja-1

Валерый Міхальчук.