Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

Фартуна ўсміхнулася не ўсім

Количество просмотров:

5 мая ў Янаве прайшоў этап Кубка Рэспублікі Беларусь і адкрытае першынство Іванаўскага раёна па велакросе ВМХ.

Да прэстыжных спаборніцтваў янаўцы рыхтаваліся загадзя. Яшчэ ў красавіку велатрасу «Вікторыя» прывялі ў належны стан у ходзе правядзення рэспубліканскага суботніка. Тады, як вы памятаеце, работнікам сферы фізкультуры і спорту добраўпарадкоўваць трасу актыўна дапамагалі Міністр спорту Сяргей Кавальчук і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня.

У Беларусі велакрос ВМХ (з 2008 года ўключаны ў алімпійскую праграму) пакуль толькі развіваецца. Культывуецца ён у некалькіх гарадах: Мінску, Рэчыцы, Баранавічах і Янаве. Прадстаўнікі ўсіх гэтых гарадоў з'ехаліся да нас у госці для выяўлення наймацнейшых.
Згодна з рэгламентам, прызёры вызначаліся ў асабістым заліку ва ўзроставых групах 2001 і старэйшая, 2002-2003, 2004-2005, 2006-2007, 2008 гг. н. і маладзейшыя.
Мясцовыя майстры экстрэмальнага веласпорту паўсталі на турніры амаль у поўным складзе (23 з 25 спартсменаў). Рыхтаваў рабят да стартаў трэнер-выкладчык Раман Юліч, сам былы выхаванец Іванаўскай ДЮСШ. На жаль, і па лікавым, і па якасным складзе юныя спартсмены некалькі прайграюць камандзе чатырох-, пяцігадовай даўнасці.
Адбіваецца недахоп трэнерскіх кадраў, да прыкладу, у Рэчыцы ў аналагічнай секцыі працуюць 6 трэнераў,   тлумачыць намеснік дырэктара ДЮСШ Ігар Качула.   Да таго ж, сам спорт вельмі траўманебяспечны і затратны. Таму і моладзь прыцягнуць дастаткова складана. Мы ж, са свайго боку, стараемся стварыць неабходныя ўмовы для навучання. Нядаўна набылі веласіпеды, форму, неабходны рыштунак для ранніх трэніровак, траса штогод абнаўляецца. Застаецца толькі чакаць вынікаў ад малых.
Як прызнаецца трэнер, поспехі рабят навогул прыстойныя. У камандзе 6 кандыдатаў у майстры спорту, маюцца і члены Нацыянальнай зборнай. Адзінае, не ўдаецца пакуль скарыць вяршыню беларускага веласіпеднага алімпу.
– Усяму віной гэты замкнёны круг: хочаш высокага выніку – павялічваеш інтэнсіўнасць трэніровак, прымушаеш спартсменаў – тыя атрымліваюць траўмы і выбываюць на нявызначаны тэрмін, а хтось, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі, пакідае секцыю, – дзеліцца набалелым Раман Юліч.
Вось і сёння янаўскім экстрэмалам не ўдалося дасягнуць пастаўленых на турніры задач. Адзінае прызавое месца заваявала Паліна Шкурына – 2 месца ва ўзросце 2006 г. н. і маладзей. У кроку ад п'едэстала гонару спыніліся Максім Літвінка і Ягор Анохін.
Усе прызёры ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі адпаведных ступеняў.
Цяпер наша каманда будзе працаваць над памылкамі і актыўна рыхтавацца да будучых адбыцца Алімпійскіх дзён моладзі вобласці і рэспублікі. Магчыма, менавіта там ім будзе спадарожнічаць поспех.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.