Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

Паўсотні Віталя Панькоўскага

Спартсмены – адна з самых дружных і згуртаваных суполак на Іванаўшчыне. Яны чарговы раз гэта пацвердзілі, правёўшы арыгінальнае святочнае мерапрыемства ў гонар юбілею спартсмена – Віталя Панькоўскага. Ініцыятарам урачыстасці выступіў нязменны капітан зборнай каманды Іванаўскага раёна па футболе Сяргей Свірэпа пры актыўнай падтрымцы спартыўнай грамадскасці і адміністрацыі Іванаўскай ДЮСШ.

У спартыўнай зале школы адбылося ўшанаванне юбіляра. Калегі павіншавалі Віталя Георгіевіча з 50-годдзем, уручылі яму імянную спартыўную форму з наказам, каб ён не спыняў трэніроўкі, падтрымліваў баявы дух і працягваў адстойваць гонар раёна на розных спаборніцтвах.
Сям'я ўраджэнца горада 
Брэста Віталя Панькоўскага ў 70-х гадах пераехала на Іванаўшчыну. З тых часоў яго лёс быў цесна звязаны з нашым раёнам. Ён скончыў гарадскую сярэднюю школу №2. У адным класе з Віталем вучыўся другі наш славуты футбаліст Юрый Лагодзіч. Разам хлопцы наведвалі і спартыўную школу. Свет футбола ў юнаках запаліў вядомы на ўсю краіну трэнер, які ўзгадаваў цэлую плеяду гульцоў, Мікалай Лявонцьевіч Сегень. З ранніх гадоў В. Панькоўскі пачаў праяўляць спартыўны талент, удзельнічаючы ў розных турнірах. Выступаў за мясцовыя каманды ПМК-12, Махро, Белсолад, бараніў гонар раёна ў чэмпіянаце вобласці. Паступіўшы пасля школы ў ВНУ, працягнуў гуляць за ўніверсітэцкую каманду. Затым была армія і вяртанне ў Іванаўскі раён. Тут Віталь Панькоўскі стаў прадпрымальнікам, чым займаецца і па сённяшні дзень. Спорт юбіляр не закідваў ніколі, імкнучыся выкраіць яму час у сваім графіку. Не раз ён быў спонсарам розных спаборніцтваў: дзіцячых, дарослых і ветэранскіх. Дарэчы, футбаліст працягвае выступаць і за ветэранскую зборную, у тым ліку прадстаўляючы на турнірах каманду г. Пінска. Разам з калегамі ён пабываў на аматарскіх турнірах ветэранаў спорту ў Эстоніі, Венгрыі, Малдавіі і інш. 

pankovskij-1

pankovskij-2


Вось і ў мінулую нядзелю ў гонар юбіляра была праведзена таварыская сустрэча паміж камандай выхаванцаў Іванаўскай ДЮСШ і зборнай раёна 40+. Гульня выдалася вельмі цікавай і галявой. Ветэраны дэманстравалі высокі клас, майстэрства і згулянасць. Ім у гэтай дуэлі супрацьстаялі хуткасць, цягавітасць і юнацкі запал. У пачатку матча вопыт дамінаваў над маладосцю. Першымі вароты распячаталі ветэраны. Пасля некалькіх хвілін лік стаў ужо 3:0. Бліжэй да сярэдзіны тайма гульня выраўнялася. У выніку перад перапынкам лічбы на табло былі 5:4 на карысць ветэранаў. У другой дваццаціхвілінцы малюнак гульні не памяняўся – ветэраны вялі ў ліку. Мяч у вароты супернікаў здолеў правесці і юбіляр. Аднак бліжэй да фінальнага свістка стомленасць дала пра сябе ведаць, і моладзь перахапіла ініцыятыву, захаваўшы яе да канца гульні. Матч завяршыўся з лікам 10:13 на карысць навучэнцаў Іванаўскай ДЮСШ.
Нягледзячы на вынік, усе засталіся задаволеныя праведзеным мерапрыемствам, а Віталь Панькоўскі паказаў добрую фізічную форму і даў сапраўдны майстар-клас маладому пакаленню.

pankovskij-4

pankovskij-5

 Валерый Міхальчук.