Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

«Палеская рэгата» на прызы багата

Количество просмотров:

 На мінулым тыдні на Валыні (Украіна) прайшоў 10-ты юбілейны фестываль экстрэмальнага воднага турызму «Палеская рэгата». Актыўнымі яго ўдзельнікамі сталі два экіпажы з Іванаўскага раёна. Першы – у складзе Дзмітрыя Крыцкага і Мікалая Вакуліча ў мужчынскім заліку, другі – муж і жонка Павел і Антаніна Водчыц у змешаным заплыве.

Як расказаў кіраўнік дэлегацыі нашага раёна галоўны спецыяліст райвыканкама Сцяпан Млынчык, спаборніцтвы прайшлі на высокім узроўні. Арганізатарамі гэтага прэстыжнага фестывалю штогод выступаюць нацыянальны прыродны парк «Прыпяць-Стаход», дзяржаўная адміністрацыя і рада Любяшоўскага раёна. Усяго ў спаборніцтве, якое доўжылася два дні, прынялі ўдзел больш за трыццаць экіпажаў.
У першы дзень байдарачнікі прайшлі каля 30 кіламетраў па рацэ Стаход да сяла Свалавічы Любяшоўскага раёна, дзе быў абвешчаны прамежкавы фініш. У другі дзень неабходна было пераадолець пару дзясяткаў кіламетраў па Прыпяці да берага возера Любязь.
Тут для ўдзельнікаў і гледачоў была падрыхтавана насычаная спартыўная, культурная і забаўляльная праграма. У канцэрце прынялі ўдзел артысты Іванаўскага ЦКіНТ, якіх цёпла сустрэла мясцовая публіка. Таксама ў рамках мерапрыемства прайшла прэзентацыя нашых брэндавых фестываляў «Мотальская рэгата», «Днепра-Бугская эстафета» і «Мотальскія прысмакі».


Прыемна адзначыць, што абодва нашы экіпажы ўзышлі на п’едэстал гонару: мужчынскі экіпаж заняў другое месца, а змешаны – трэцяе.
– Мне вельмі спадабалася рэгата, – дзеліцца ўражаннямі сярэбраны прызёр спаборніцтваў Дзмітрый Крыцкі. – Па-праўдзе кажучы, было цяжка. Стаход рака капрызная, з крутымі віражамі, часам такая вузкая, што ледзь пройдзеш, месцамі цалкам пакрытая расліннасцю. Аднойчы наогул прыйшлося байдарку на руках пераносіць – рэчышча перагарадзіла дрэва, паваленае нядаўнім ураганам. Але якая прыгажосць наўкола, некранутая прырода!
Па словах удзельнікаў, дыстанцыя была цяжкай, другую частку шляху прыйшлося пераадольваць супраць плыні, а яшчэ ў праграму спаборніцтваў уключылі арыент-шоу. У адзначаных на карце месцах трэба было зыходзіць на бераг і шукаць пікеты. Усяго іх было па пяць на дзвух этапах. За знаходжанне кожнага з іх ад агульнага часу адымалася па сем хвілін. Вось ён сакрэт перамогі – упэўненае праходжанне дыстанцыі і ўмелае арыентаванне.
На цырымоніі ўзнагароджання ўсім удзельнікам уручаны юбілейныя медалі, прызёрам – граматы, кубкі і грашовыя прэміі.

Валерый Міхальчук.