Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

Першыя перамогі

Количество просмотров:

У 21 стагоддзі футбол па-ранейшаму застаецца гульнёй №1 у свеце. Культ гэтага віда спорту прапагандуецца і з экранаў тэлевізараў, і са старонак газет, у тым ліку мясцовай раёнкі. Таму што футбол – не толькі шлях да перамог, славы і матэрыяльнага дабрабыту, але і здаровы лад жыцця, сіла і цягавітасць, фарміраванне такіх якасцяў, як мэтанакіраванасць, стойкасць, працавітасць. Да таго ж, станоўчых прыкладаў дастаткова як на міжнароднай арэне, так і ў Іванаўскім футболе. І гэты прыклад заразлівы, як высветлілася, і для дзяўчынак.

З мінулага года ў аддзяленні футбола Іванаўскай ДЮСШ адкрылася група для дзяўчынак. Прычым дзейнічае яна на базе сельскай установы адукацыі – Дружылавіцкага ВПК д/с-СШ. Трэніроўка і выхаванне пачаткоўцаў ускладзена на плечы настаўніка фізічнай культуры, а сёння па сумяшчальніцтве яшчэ і трэнера-выкладчыка Андрэя Клімаўца. Усяго ў групе навучаецца 12 дзяўчынак. Яшчэ 24 школьнікі (і хлопчыкі, і дзяўчынкі) займаюцца ў футбольнай секцыі ад Мотальскай СДЮШАР. Настойлівасць дасведчанага педагога, дасканальны падыход да арганізацыі трэніровачнага працэсу літаральна за год далі станоўчыя вынікі, што было адзначана на ўрачыстай лінейцы, якая прайшла ў школе ў панядзелак.
Не толькі спартыўныя заслугі ўзнагароджваліся ў прысутнасці ўсяго настаўніцкага і вучнёўскага складу ўстановы адукацыі. Дырэктар школы Святлана Ляхавец ушанавала найбольш актыўных школьнікаў, якія займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця, турызму і краязнаўства, захаваннем навакольнага асяроддзя і г.д.
На лінейцы прысутнічалі таксама прадстаўнікі Іванаўскай ДЮСШ, якія сказалі нямала добрых слоў у адрас кіраўніцтва Дружылавіцкага ВПК д/с-СШ.


– Мне хочацца падзякаваць дырэктару школы і настаўніку фізічнай культуры за выдатныя вынікі ў падрыхтоўцы і развіцці дзяцей, – падкрэсліў Вадзім Крыпіневіч, дырэктар Іванаўскай ДЮСШ. – Асабліва сябе праявілі дзяўчынкі, якія за гэты год паказалі сябе як сапраўдныя байцы. Аб чым сведчаць іх высокія вынікі. У абласным этапе спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» яны занялі ўпэўненае першае месца. Паспяхова завяршыўся для дзяўчынак і абласны турнір на прызы майстра спорту Рэспублікі Беларусь Ігара Кавалевіча, які праходзіў у г.п. Антопаль Драгічынскага раёна, дзе яны таксама былі першыя. А дзве выпускніцы аддзялення Марына Багаль і Марына Пушкар сталі навучэнцамі Брэсцкага дзяржаўнага цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе. Абедзве дзяўчыны гуляюць у вышэйшай лізе чэмпіянату краіны па футболе сярод жанчын.
Але, як заўважыў Вадзім Мікалаевіч, галоўным дасягненнем сёлета, бадай, стала 4-е месца ў рэспубліканскім турніры «Скураны мяч», які праходзіў на стадыёне ФК «Мінск». Так, гэта не прызавое месца, але добры вопыт і выдатны старт для толькі распачаўшых свой спартыўны шлях футбалістак. Да таго ж, дзяўчынкі вельмі цікава і пазнавальна правялі шэсць дзён у сталіцы. Яны папрысутнічалі на футбольным матчы Лігі Нацый УЕФА паміж зборнымі Беларусі і Сан-Марына, які завяршыўся з лікам 5:0 на карысць нашых спартсменаў, наведалі матч Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе сустрэліся каманды «Дынама-Мінск» і «Ёкерыт», музей Вялікай Айчыннай вайны і многае іншае.
За высокія вынікі дзеці атрымалі медалі, граматы, кубак, а таксама вельмі важны для трэніровачнага працэсу спартыўны інвентар ад Іванаўскай ДЮСШ.
Застаецца толькі чакаць ад дзяўчынак новых перамог. Тым больш, што стымул у іх добры: нядаўна ў райцэнтры на базе СШ №4 адкрылася яшчэ адна секцыя па футболе для дзяўчынак.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.