Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

Спартыўная пляцоўка – у падарунак

Количество просмотров:

Спартыўна-масавы кампанент Дня беларускага пісьменства быў таксама вельмі насычаны. Госці свята змаглі атрымаць асалоду не толькі ад шматлікіх выстаў і прэзентацый, канцэртаў і фестываляў, сустрэч з вядомымі літаратарамі і круглых сталоў, але і ад розных спаборніцтваў і спартыўных мерапрыемстваў.

Падчас форуму ў гарадскім парку на новых спартыўных пляцоўках спаборнічалі аматары міні-футбола і валейбола. Свае навыкі дэманстравалі юныя выхаванцы моладзевага спартыўнага клуба «Асахі». На гарадскім вада-
сховішчы прайшла прэзентацыя нашага брэндавага фестывалю воднага турызму «Мотальская рэгата» і свежага праекта – злёту аматараў воднага турызму «Днепрабугская эстафета». Нягледзячы на аддаленасць стадыёна Іванаўскай ДЮСШ ад асноўных пляцовак свята, там сабралася нямала гледачоў, каб пазаўзець за любімую каманду «Іванава», якая праводзіла хатнюю сустрэчу 12 тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе з гасцямі з Баранавіцкага раёна. І не пашкадавалі аматары футбола, убачыўшы прыгожую гульню, насычаную галявымі момантамі і ашаламляльнымі камбінацыямі. Але галоўнае, што гульцы нашай каманды ў гэты святочны дзень падарылі сваім заўзятарам радасць перамогі – апанент быў пераможаны з лікам 3:0. Дубль на ліку нашага лепшага бамбардзіра Дзмітрыя Цыганчука, а яшчэ адзін гол забіў Павел Бацюшка. Пасля сустрэчы іванаўцы замацаваліся на чацвёртым месцы ўсходняй зоны, з адставаннем ад трэцяга месца ў два, а ад другога – у чатыры ачкі.
Але, мабыць, галоўная падзея спартыўнай праграмы свята адбылася 2 верасня ў гарадскім парку, дзе адкрылася сучасная міні-футбольная пляцоўка.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аб'екта, якая сабрала сотні юных аматараў футбола, дарослых спартсменаў, прадстаўнікоў Іванаўскай ДЮСШ і Мотальскай СДЮШАР, а таксама рэспубліканскіх СМІ, прынялі Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Глушэня, генеральны сакратар Беларускай федэрацыі футбола Юрый Вяргейчык і намеснік дырэктара ААТ «Тураўскі малочны камбінат» Наталля Чэрнік.
Як зазначыў наш зямляк Сяргей Кавальчук, «Нам патрэбныя добрыя спартыўныя аб'екты, добрыя трэнеры і здаровыя, актыўныя, добра падрыхтаваныя дзеці. Адкрыццё новай пляцоўкі – гэта прыклад сістэмнага падыходу да справы фарміравання здаровай нацыі, дасягнення высокіх спартыўных вынікаў».

Sportivnyja Ploschadka 1
Sportivnyja Ploschadka 2
Sportivnyja Ploschadka 4
Sportivnyja Ploschadka 6


Дарэчы, аб'ект быў пабудаваны ў рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта «Bonfesto – дзецям» пры фінансавай падтрымцы адкрытага акцыянернага таварыства «Тураўскі малочны камбінат» і Беларускай федэрацыі футбола. Міні-футбольная пляцоўка мае якаснае штучнае пакрыццё. Таксама паблізу ёсць раздзявальні і душавыя. Гэта адпавядае самым высокім еўрапейскім патрабаванням. Займацца на пляцоўцы можна будзе круглы год, вядома, пры адпаведным надвор'і.
Потым ганаровыя госці мерапрыемства ў гонар адкрыцця ўрачыста перарэзалі стужку і ўручылі ў падарунак раёну мячы, спартыўны інвентар і рыштунак.
Галоўны спецыяліст Іванаўскага райвыканкама Сцяпан Млынчык, адказны за арганізацыю спартыўна-масавай і турыстычнай работы ў раёне, шчыра падзякаваў спонсарам і ганаровым гасцям за гэты значны падарунак іванаўскім дзецям і запэўніў прысутных, што новая пляцоўка будзе пастаянна задзейнічана на розных раённых, рэгіянальных і абласных турнірах. Першы з іх адбыўся ў Дзень беларускага пісьменства, калі сустрэліся каманды Мотальскай СДЮШАР і Іванаўскай ДЮСШ. Па завяршэнні паказальнай сустрэчы ўдзельнікам былі ўручаны падарункі ад ААТ «Тураўскі малочны камбінат».
Таксама Міністр спорту і турызму з генеральным сакратаром Федэрацыі футболу ўзнагародзілі пераможцаў чэмпіянату Іванаўскага раёна па футболе – ФК «Іванава». Усе гульцы атрымалі медалі, дыпломы, а капітан каманды – Сяргей Свірэпа – яшчэ і ганаровы кубак.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.