Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

Спартыўны драйв па-настаўніцку

Количество просмотров:

Адрыжынскі край – адзін з самых развітых у плане спорту і турызму на Іванаўшчыне. Нездарма там штогод праводзяцца розныя масавыя спаборніцтвы і злёты, а мясцовы басейн карыстаецца асаблівым попытам у насельніцтва. 

Вось і нядаўна на базе Адрыжынскай сярэдняй школы прайшла зімовая спартакіяда сярод работнікаў сістэмы адукацыі Іванаўскага раёна. Да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускаліся каманды ўстаноў адукацыі, а таксама зборныя, якія складаліся з работнікаў некалькіх школ. Увогуле ў спартакіядзе было заяўлена 13 каманд.
Адкрылі спаборніцтвы начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Пархамчук і галоўны спецыяліст райвыканкама, які курыруе сферу спорта і турызма, Сцяпан Млынчык. Яны пажадалі спартсменам сумленнай канкурэнтнай барацьбы, актыўнага займальнага баўлення часу і, вядома ж, упэўненых перамог.


Праграма, падрыхтаваная арганізатарамі, была вельмі насычанай і ўключала ў сябе дзевяць відаў спорту. Аматарам гульнявых дысцыплін прапаноўвалася паўдзельнічаць у спаборніцтвах па настольным тэнісе, дартсе, кідках баскетбольнага мяча ў кальцо, шахматах. Былі таксама як індывідуальныя выпрабаванні – скачкі ў даўжыню, падцягванне, падняцці тулава, так і камандныя – кантрольна-турыстычны маршрут і біятлонная эстафета. Дарэчы, эстафету сёлета ў сувязі з пэўнымі (бясснежнымі) ўмовамі надвор’я было вырашана праводзіць у форме скандынаўскага біятлона, г. зн. замест язды на лыжах – пераадоленне дыстанцыі з палкамі для скандынаўскай хады і ў спартыўным абутку. Агульную арганізацыю і судзейства ажыццяўлялі прадстаўнікі Іванаўскіх ДЮСШ, РФСК, цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства і РАС ДТСААФ.
Па прызнанні канкурсантаў спартакіяда атрымалася вельмі дружнай, драйвовай і масавай. Спартсменаў і балельшчыкаў сабралася больш за паўтары сотні. Усе шматлікія конкурсы праляцелі на адным дыханні, пакінуўшы ва ўдзельнікаў адчуванне лёгкай слабасці, але пры гэтым задаволенасці ад актыўнага і вясёлага адпачынку.
Вынікі спаборніцтваў падводзіліся як у асабістым, так і ў камандным заліку. Па сукупнасці набраных балаў першае агульнакаманднае месца дасталася гарадской СШ №3, якая, у тым ліку, першынствавала ў біятлоне, падняцці тулава і скачках у даўжыню. Другая пазіцыя засталася за спартсменамі зборнай Моладаўскай СШ і Ляхавіцкага ВПК д/с-СШ, якія ўзялі столькі ж балаў, колькі і пераможцы, але саступілі па колькасці першых месцаў. А трэцяе месца заваявалі ўдзельнікі зборнай Яечкавіцкай і Махроўскай сярэдніх школ. Яны таксама выйгралі конкурсы «кантрольна-турыстычны маршрут» і «настольны тэніс». Усе прызёры як у камандным так і ў асабістым заліку ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.


 Валерый Міхальчук.