Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

Спартыўны снежань

Количество просмотров:

Апошні месяц зімы ў 2019 годзе выдаўся надта напружаным для спартсменаў 
Іванаўскага раёна.

Першымі, напэўна, трэба назваць лёгкаатлетаў, якія ўдзельнічалі ў двух першынствах Брэсцкай вобласці сярод ДЮСШ, СДЮШАР, ЦАР, якія праходзілі ў Брэсце 6-7 і 13-14 снежня ў дзвюх узроставых групах. Калі ў малодшай групе каманда заняла толькі 14 месца, то ў старэйшай спартсмены парадавалі прызавымі месцамі. Данііл Чарняк узяў 1 месца ў бегу на 1500 м, другое – на 800-мятроўцы, Кацярына Ягніш – 3 месца на 400 м, Ірына Сячная – 3 месца на дыстанцыі 3000 м (усіх атлетаў трэніруе Алена Зіновік). Выхаванец Васіля Кавалевіча Кірыл Казакевіч заняў 3 месца ў скачках у даўжыню. Тры таленавітыя хлопцы – Максім Артысюк, Данііл Чарняк, Кірыл Казакевіч – узялі «бронзу» ў эстафеце (600-400-200 м). Такім чынам іванаўцы занялі выніковае восьмае агульнакаманднае месца. Традыцыйна нашы спартсмены ўдзельнічалі ў міжнародным турніры памяці Д.М. Карбышава, дзе паказалі годныя вынікі. Напрыклад, 
Максім Божка (трэнер Васіль Кавалевіч) у кіданні дзіды заняў 3 месца, паказаўшы рэзультат 47 метраў.
На добрай ноце закончылі год футбалісты. 14-15 снежня юнакі 2009 г.н. удзельнічалі ў фінале адкрытай дзіцячай 
футбольнай лігі, якая праходзіла ў Брэсце на прызы мясцовага ФК «Дынама». Сапернікамі нашых хлопцаў па групе былі знакамітыя каманды: «Дэльта» з Варшавы, УЦ «Александрыя», «Дынама-Брэст». Нягледзячы на гэта іванаўскія футбалісты на чале з трэнерам Эдуардам Бязменам выглядалі годна, трапіўшы ў дзясятку лепшых каманд.
26 і 27 снежня ў новым футбольным манежы абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе прайшоў турнір сярод юнакоў 2006-2007 г.н., дзе прынялі ўдзел 8 каманд. Іванаўцы занялі толькі 6-е месца, але да апошняга вырашалася, хто будзе гуляць у фінале. Выхаванцы трэнераў-выкладчыкаў Дзмітрыя Цыганчука і Юрыя Лагодзіча засталіся адзінымі, якія па ходу турніру абыгралі пераможцу – каманду ЦОР
г. Брэста. 


28 снежня на турніры па міні-футболе памяці Сыраквашкі ў Брэсце самымі моцнымі і спрытнымі аказаліся выхаванцы Віктара Кавалёва, хлапчукі 2010 г.н., якія занялі 1-е месца і сталі ўладальнікамі кубка. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі ад ФК «Дынама-Брэст».
Нашы лепшыя футбалісткі Таццяна Грэбень і Сафія Баварчук (выхаванцы Андрэя Клімаўца) у складзе каманды ЦОР г. Брэста ўдзельнічалі ў маладзёжным першынстве Беларусі па футболе, дзе занялі 3 месца.
А зусім нядаўна ў спартзале Іванаўскай ДЮСШ прайшлі раённыя спаборніцтвы «Навагоднія старты – 2019» сярод спартсменаў-навучэнцаў ДЮСШ. У спартландыі ўдзельнічалі 6 каманд, складзеных з навучэнцаў чатырох аддзяленняў па відах спорту. На мерапрыемстве прысутнічалі і падбадзёрвалі ўдзельнікаў бацькі юных спартсменаў, а таксама Дзед Мароз з унучкай Снягуркай, якія раздавалі самым актыўным заўзятарам і ўдзельнікам цукеркі.
Па выніках спаборніцтваў каманды і ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі, каманды-прызёры – кубкамі. 
Таксама па выніках адыходзячага сезону названы пераможцы ў намінацыі «Лепшы спартсмен 2019 года», з 517 навучэнцаў імі сталі: у аддзяленні лёгкай атлетыкі – Данііл Чарняк, Кацярына Ягніш, Андрэй Устымчук, Ірына Сячная, Кірыл Саўчук, Дар’я Барадзінчык, Анастасія Клімовіч, Мікіта Устымчук, Багдан Клімовіч, Максім Стэльмашук, Ксенія Дашкевіч, Максім Артысюк, Юрый Гарбарук, Максім Варуха, Кірыл Казакевіч, Максім Божка, Алена Пуцыковіч, Дар’я Неўдах, Данііл Гарбацкі, Максім Цямчык, Максім Паўлюкавец; у аддзяленні цяжкай атлетыкі – Дзмітрый Сітуха, Мікіта Юшкевіч, Паліна Антанюк, Ілля Трубей, Данііл Вайтовіч, Анастасія Самасюк, Юрый Савіч; у аддзяленні велакроса ВМХ – Паліна Шкурына; у аддзяленні футбола – Кірыл Цямчык, Дзяніс Клепач, Савелій Жук, Уладзіслаў Клепач, Елісей Федарук, Сафія Баварчук, Таццяна Грэбень, Аляксей Жэмскі, Данііл Кульбачка.
Адміністрацыя Іванаўскай ДЮСШ выказвае шчырую падзяку Іванаўскаму райвыканкаму за падтрымку ў набыцці ўзнагароднай атрыбутыкі, а таксама Дзеду Марозу і Снягурцы (навучэнцам СШ №3 г. Іванава) за добры святочны настрой.
З новымі перамогамі ў новым 2020 годзе!

Валерый Міхальчук.