Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Сто балаў – раз, сто балаў – два:

Количество просмотров:

vypusknicyвыпускніца з Іванава здала два ЦТ на 100 балаў кожны

Безумоўна, яны былі прыгаломшаны, калі даведаліся, што набралі на ЦТ 100 балаў. Гэты верхні парог здачы тэста здаваўся для іх нерэальным. Ганна Клышко – выпускніца чацвёртай гарадской школы – атрымала на ЦТ па беларускай мове 100 балаў, а яе калега па школьным жыцці Уладзіслава Дуль з СШ №3 г. Іванава дык увогуле зрабіла, па-мойму, нерэальнае:адна з адзінаццаці беларускіх школьнікаў атрымала адразу па дзвюм ЦТ найбольшую колькасць балаў!

 Аня і Улада, як іх называе большасць знаёмых, адназначна гонар Іванаўскага раёна, сваіх родных школ, кожны сваёй сям’і. І адна, і другая маюць вышэйшую пробу медаля за поспехі ў вучобе, па прадметах, якія прынеслі 100 балаў на ЦТ, таксама атрымалі дзясяткі ў атэстат. Так што, заслужана іх ацанілі ў школе! Ды і настаўнікі, якія прыклалі руку да такіх высокіх вынікаў, людзі сваёй справы. Ганну “захапіла” сваім педагагічным майстэрствам, патрыятычнасцю, якая адгукалася ў сэрцах навучэнцаў, нават сваёй бездакорнай дыкцыяй настаўніца беларускай мовы і літаратуры – Тамара Георгіеўна Клімавец. Разгон для выяўлення любові да беларускага, роднага ў Тамары Георгіеўны быў на ўроках беларускай літаратуры. Нездарма Ганне запомніліся шматлікія творы са школьнай праграмы, сярод іх “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы і многае з караткевічаўскай спадчыны – асабліва запалі ў душу. Калі ж спрабую праэкзаменаваць Ганну на прадмет ведання галоўных літаратурных гераінь з імем, сугучным нашай гераіні, яна спачатку хвалюецца, а потым усміхаецца і дадае: “Ну, безумоўна, Ганна Чарнушка!”. Што ж да тэстаў па беларускай мове, то Аня гаворыць, што яны былі лёгкімі. Ці то ад таго, што заданні аказаліся падобнымі да тых, што выконвала падчас рыхтавання да ЦТ, ці тое, што хваляванне было мінімальным, што не перашкаджала засяродзіцца на галоўным. Адназначна адно, беларускамоўная школа, чытанне шматлікай літаратуры па-беларуску, паспрыялі поспеху на тэстах. Самае складанае на іспытах – гэта спражэнне дзеясловаў, але і з ім на выдатна справілася Ганна Клышко, ужо былая вучаніца, хутка, хай усё атрымаецца, стане абітурыенткай. Не буду раскрываць усе сакрэты Ані, прынамсі тое, кім яна хоча стаць, скажу толькі, што дзяўчына паедзе ў сталіцу, у самую галоўную ВНУ краіны. І плануе назаўжды застацца там, у Мінску.
Улада Дуль неаднойчы здавала рэпетыцыйнае тэставанне. На трох з іх у адзінаццатым класе дзяўчына падыходзіла толькі вельмі блізка да жаданых ста балаў па рускай і англійскай мовах. “Я заўжды марыла атрымаць сто балаў на тэстах, але кожны раз не атрымлівалася. Па рускай мове былі дзевяноста сем і дзевяноста восем балаў. Недзе ў душы я ўжо змірылася з гэтым вельмі неблагім вынікам, аднак сумуючы бал атэстата, вынікі здачы трох тэстаў разумела, што атрымліваецца малавата для праходжання на тую спецыяльнасць, куды мы з бацькамі павязём мае дакументы. Таму я да канца рыхтавалася, чытала, рабіла заданні. Надзея не пакідала да апошняга моманту, хоць ваганне прысутнічала. Нават на тэстах чарнавіковы варыянт адказаў я зрабіла недзе за сорак хвілін. Увесь астатні час я карпатліва правярала сябе, разумела, што спяшацца не трэба. І вось – вынік – 100 балаў! Гэта неверагодна цяжка, падумаюць многія, я скажу, што гэта рэальна, аднак трэба прыкласці неймаверныя высілкі, патрэбна засяродзіцца, патрэбна забыць на пэўны перыяд пра тое, што можа выступаць другасным у жыцці”.
Безумоўна, Уладзіслава вельмі ўдзячная настаўнікам: Наталлі Сігізмундаўне Сеглюк, Святлане Рыгораўне Панікарчык, якія выклікалі інтарэс да замежнай мовы. Ганна Васільеўна Гапановіч дапамагала разбірацца ў моўных «тонкасцях» рускай мовы.
Уладзіслава Дуль, таксама як і Аня Клышко, павязе дакументы ў ВНУ нумар адзін нашай краіны. Праўда, факультэты дзяўчат будуць рознымі. На маю заўвагу, што ім прыйдзецца сутыкнуцца з вялікай канкурэнцыяй у сталіцы, яны ў адзін голас заўважаюць: “Адолеем любыя цяжкасці!”.

Наталля ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.