Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

Турнір памяці В.П. Лебядзеўскага

Количество просмотров:

Калі футбол – гэта галоўны летні від спорту, то, мабыць, з надыходам халадоў ім становіцца валейбол. А адным з самых прэстыжных спаборніцтваў па валейболе на Іванаўшчыне ўжо шмат гадоў застаецца міжнародны турнір памяці В.П. Лебядзеўскага.

У нядзелю, 18 лістапада, шэсць каманд з Іванава, Лунінецкага і Столінскага раёнаў, а таксама з суседняга Любяшова (Украіна) сабраліся, каб ушанаваць памяць таленавітага доктара і спартсмена, а таксама вызначыць наймацнейшага. Шчыра кажучы, турнір можна лічыць выставачным, яго мэтамі былі спартыўнае супрацоўніцтва, прапаганда здаровага ладу жыцця і распаўсюджванне валейбола сярод моладзі. Якраз таму на турнір нароўні з ветэранскімі камандамі запрашалася юнацкая зборная Іванаўскага РФСК, так бы мовіць, для перадачы вопыту ад старэйшага пакалення малодшаму.
Згодна з рэгламентам каманды былі разбітыя на дзве групы, у якіх гульні праходзілі па кругавой схеме. Каманды, якія перамаглі ў групах, выходзілі ў фінал. Так, у групе «А» ўпэўненае першае месца заняла каманда Любяшова (адолеўшы Іванаўскія ЦРБ і РФСК), у групе «Б» – Лунінецкі раён (перайгралі апанентаў са Століна і Іванава).
Судзейскай калегіяй было прынята рашэнне аб прысуджэнні двух трэціх месцаў камандам Іванава і Століна. Ну а адмовіць сабе ў задавальненні пазаўзець за наймацнейшыя зборныя з Любяшова і Лунінца не змаглі ні суддзі, ні шматлікія заўзятары. Сустрэча выдалася цікавай. Першую партыю ўпэўнена – 25:18 – выйгралі любяшоўцы. І гледачы вырашылі, што інтрыгі ўжо не будзе. Але ў другой партыі супернікі праявілі характар і перамаглі з лікам 25:20. У апошняй трэцяй гульцы Лунінца таксама атрымалі перамогу 15:11. У выніку Лунінецкі раён заваяваў валявое першае месца, Любяшоў – другое.
Падводзячы вынікі турніру, галоўны спецыяліст Іванаўскага райвыканкама Сцяпан Млынчык падзякаваў прадстаўнікам усіх каманд за актыўны ўдзел у спаборніцтвах, уручыў кубкі і памятныя прызы. Таксама цёплыя словы падзякі былі адрасаваныя спонсару – ПГУП «Святлана» (С.М. Шушман), а таксама арганізацыям, якія аказалі дапамогу ў правядзенні турніру – СШ №4 г. Іванава і Іванаўскай ЦРБ.

НА ЗДЫМКУ: фінальная сустрэча паміж камандамі Лунінца і Любяшова.

Валерый МІХАЛЬЧУК. Фота аўтара.