Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Спорт

Турызм, здароўе, спаборніцтва

Количество просмотров:

Штогод раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі збірае лепшых прадстаўнікоў пакалення «next». Колькі ўжо такіх мерапрыемстваў адбылося на беразевозера Мульное, а затым у зоне адпачынку «Папоўская сядзіба»! Мусіць, ніхто не падлічваў. Але заўсёды арганізатары знаходзяць нешта новае, нешта такое, што цікавіць моладзь, яднае яе ў спартыўным, творчым і патрыятычным запале. Якраз так гэта і адбылося ў мінулыя выхадныя.
Дзевяць калектываў арганізацый і прадпрыемстваў раёна сустрэліся на ўзбярэжжы вадаёма ля вёскі Лядавічы. Гэтае месца вядома ўсяму раёну не толькі цудоўнымі ўмовамі для адпачынку, але і развітой інфраструктурай, спартыўнай і турыстычнай базай. Гэтым і скарысталіся турысты, вельмі актыўна і цікава праводзячы спаборніцтвы.

Але перад насычанай праграмай усе ўдзельнікі сабраліся, каб пазнаёміцца, абмяняцца прывітаннямі. З пачаткам турыстычнага свята прысутных павіншавалі галоўны спецыяліст Іванаўскага райвыканкама Сцяпан Млынчык, старшыня Іванаўскага РФСК Мікалай Вакуліч і старшыня Опальскага сельвыканкама Галіна Варашылава. А далей былі тры дні незвычайных прыгод, у якіх турысты павінны былі прадэманстраваць сілу, спрыт, смеласць і, вядома, поспех.


У біятлоне, які ўключаў бег і стральбу, перамагла каманда ДЮСШ. Прадстаўнікі гэтай спартыўнай дружыны занялі першае месца ў дартсе, пераадоленні паласы перашкод і тэхніцы воднага турызму. Дружны калектыў выратавальнікаў з Іванаўскага РАНС першынстваваў у валейболе, спрынце на байдарках і кіданні яек. Гумарыстычную эстафету выйгралі турысты з ААТ «Мекасан». А прадстаўнікі ЖКГ былі лепшымі ў рыбалцы і конкурсе турыстычнага побыту. Якраз у апошнім іспыце камунальнікі праявілі ўсё сваё майстэрства, фантазію і крэатыўны падыход. У выніку судзейскай брыгадзе было вельмі цяжка выявіць лідара ў агульным заліку. Толькі па перавазе ў колькасці першых месцаў пераможцам стала каманда ДЮСШ. Другое месца, такім чынам, занялі выратавальнікі. Трэцяе падзялілі паміж сабой Іванаўская ЖКГ і ААТ «Опаль-Агра».
Усе прызёры ў індывідуальным і агульным заліку былі ўзнагароджаны дыпломамі, кубкамі і падарункамі ад Іванаўскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», райкама ГА «БРСМ», раённага аб’яднання прафсаюзаў. Арганізатары дзякуюць культработнікам сельскага Дома культуры аг. Опаль за вясёлую і запальваючую дыскатэку і музычнае суправаджэнне мерапрыемства, а таксама адміністрацыі ААТ «Опаль-Агра» за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

Валерый Міхальчук.