Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Тут сэрцу мілы кут

mohro 1“Людзі, да таго месца, дзе нарадзіліся і ўскормлены, вялікую ласку маюць”. Думаецца, у мудрасці гэтых несмяротных скарынаўскіх радкоў упэўніваецца на асабістым жыццёвым вопыце калі не кожны, то большасць з нас. Куды б ні завялі чалавека непрадказальныя сцяжыны лёсу, сэрца не-не дый ускалыхне журлівы голас малой радзімы. Настальгічны сум, здараецца, даймае настолькі, што пакуеш клункі і імчыш да бацькоўскага парога. Як выратавальны глыток паветра, падчас патрэбна душы такое вяртанне да вытокаў.

 Трапяткую любоў да радзіннага краю пранёс праз жыццё светланосны мастак з Махро Аляксей Кузьміч. На працягу многіх гадоў творца пісаў свае шэдэўры ў сталіцы, у Траецкім прадмесці, дзе была ўладкавана яго мастацкая майстэрня, але ніколі не забываў ён пра свае карані, а пасля свайго Сыходу ў нейкім сэнсе вярнуўся ў родныя мясціны – вярнуўся сваёй творчасцю, сваімі непаўторнымі зямнымі Мадоннамі, перад якімі хочацца спавядацца шчыра і адкрыта.
Пры жыцці майстар пэндзля марыў аб стварэнні галерэі Мадоннаў. Яго запаветная мара спраўдзілася ў 2014 годзе, калі ў Махро была адкрыта гэтая адметная галерэя. Сёння гэта філіял раённага музейнага комплексу Н.Орды, дзе няўрымсліва і пранікнёна прапагандуе творчасць мастака малодшы навуковы супрацоўнік Ніна Рыгораўна Дробыш.
Шмат цікавых культурных падзей праходзіць у карціннай галерэі. Людзі розных пакаленняў з розных рэгіёнаў блакітнавокай Беларусі, іншых краін свету наведваюцца сюды, каб душой дакрануцца да сонечных палотнаў. Найчасцей жа сюды прыязджаюць, прыходзяць тыя, хто ўзрастаў на гэтай зямлі ці мае шчасце і сёння хадзіць па яе шляхах-сцяжынах, дзе надараецца ўнікальная магчымасць выразна пачуць голас свайго сумлення, які тут, у спадчынным краі, гучыць на поўную моц, сагрэцца цеплынёй радзімы, людзей, з якімі зрадніўся повяззю зямляцтва.
Чарговае мерапрыемства ладзілася ў Махроўскім сельскім Доме культуры ў рамках святкавання Дня музеяў, які штогод адзначаецца 18 мая. Да таго ж, дата гэтая – пярэдадзень дня народзін мастака: Аляксей Кузьміч азарыў свет сваім з’яўленнем у ім 1 чэрвеня ў 1945 годзе. Такім чынам, праз некалькі дзён культурная грамадскасць на Іванаўшчыне згадае імя слыннага земляка ў сувязі з яго 72-і ўгодкамі.
Падчас свята яго ўдзельнікі здзяйснялі віртуальнае падарожжа па чароўнай краіне фарбаў і мелодый, дзе сустрэліся з Феяй Мастацтва. Шмат незвычайных прыгод адбылося з вандроўнікамі. Ім спатрэбіліся талент, эрудыцыя і кемлівасць, каб пераадолець перашкоды, якія чынілі цёмныя сілы, але з дапамогай фарбаў і чароўных нот дзеці іх пераадолелі.
Свята іскрылася песнямі ў выкананні Ангеліны Паўлюкавец, Ангеліны Клімавец, танец “Парасоны” падарылі гледачам навучэнцы харэаграфічнай школы мастацтваў, парадавалі ігрой на музычных інструментах Антон Паўлюкавец, ансамбль баяністаў.

mohro 2


Незадоўга да мерапрыемства аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, філіялам «Карцінная галерэя А.Кузьміча» з мэтай далучэння падрастаючага пакалення да культурных здабыткаў, развіцця краязнаўчай працы на мясцовай тэрыторыі быў аб’яўлены творчы конкурс «Тут сэрцу мілы кут» сярод навучэнцаў Махроўскай школы. Аўтары конкурсных твораў стваралі слайд-прэзентацыі, фотапраекты, спрабавалі свае сілы ў жанры жывапісу, дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Работы ацэньвала журы ў складзе Дзяніса Комбеля, галоўнага спецыяліста сектара па культуры, Марыны Дашкевіч, метадыста па дзіцячых школах мастацтваў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Таццяны Мінзэр і Таццяны Перашчук, настаўнікаў мастацкага аддзялення Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды.
Пераможцамі ў пэўных намінацыях сталі Ангеліна Паўлюкавец, Дар’я Кунахавец, Максім Цямчык, Барыс Русак, Ангеліна Клімавец, Адам Барташ, Максім Русак, Маргарыта Барташ, Насця Кананчук, вучні 10 класа, Наталля Плявака, Варвара Нікалайчук, Насця Катовіч, Марыя Клімовіч. Усе яны ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі арганізатараў. Прызы атрымалі і іншыя актыўныя ўдзельнікі конкурсу.
З 18 па 31 мая работы экспануюцца на базе Махроўскага СДК. У сваіх тварэннях аўтары адлюстравалі прыгажосць навакольных краявідаў, распавялі пра духоўныя скарбы, родную вёску, блізкіх людзей. Натхніла іх на творчасць прывабная, самабытная Махроўская зямля, якой яны ўскормлены і да якой “вялікую ласку маюць”.

Ірына САЛОМКА.