Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Спорт

Валадзько прадоўжыць кар’еру ў Казахстане

Количество просмотров:

Калі спытаць у іванаўскіх футбольных заўзятараў,  каго яны лічаць лепшымі беларускімі футбалістамі, напэўна, у спісе будуць Глеб, Радзівонаў, Гардзяйчук і, вядома ж, наш зямляк Аляксандр Валадзько. Будучы выхадцам з в. Моталь, ён ніколі не забывае свае карані, наведвае малую радзіму, сустракаецца з выхаванцамі СДЮШАР «Моталь». Нядаўна, напрыклад, ён прысутнічаў на юбілеі спартыўнай школы і выказаў шмат цёплых слоў у адрас трэнерскага складу, ветэранаў спорту і маладых спартсменаў. У сваю чаргу, мы ўважліва сочым за яго кар'ерай.

Нечаканай навіной для аматараў футбола стала яго растанне з ФК «БАТЭ», у складзе якога адыграў 10 гадоў, стаўшы 10-кратным чэмпіёнам Беларусі і 5-разовым уладальнікам Кубка краіны. Многім запомніліся яго шэдэўральныя галы ў вароты французскага «Ліля», аўстрыйскага «Штурму», грэцкага «Аека» і інш. Нездарма ён тройчы ўключаўся ў спіс лепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (2009, 2011, 2012 гг.).
Аднак, усё ў гэтым свеце змяняецца, і футбалістам для далейшага развіцця нярэдка патрабуецца ўзварушэнне, змена месца жыхарства, падыходу да выканання функцыянальных абавязкаў. Вось і Аляксандр пайшоў на такі рашучы крок, змяніўшы Барысаў на Казахстан. У паслугах паўабаронцы быў зацікаўлены карагандзінскі «Шахцёр» і яго трэнер – вядомы беларускі футбаліст і настаўнік Аляксандр Журавель (раней узначальваў салігорскі «Шахцёр», брэсцкае і мінскае «Дынама», «Гомель»). Казахскі «Шахцёр» не надта вядомы беларускаму гледачу (цяпер, спадзяюся, гэта зменіцца) і, шчыра прызнацца, у апошнія гады клуб размяшчаецца толькі ў сярэдзіне турнірнай табліцы нацыянальнага чэмпіянату. Але гісторыя ў клуба слаўная, а задачы – высокія. Нядаўна гульцы вярнуліся з вучэбна-трэніровачных збораў, якія праходзілі ў Турцыі, і ўжо рыхтуюцца да чэмпіянату краіны, які стартуе 11 сакавіка. А мы пажадаем поспехаў нашаму земляку Аляксандру Валадзько ў новым калектыве!

Валерый МІХАЛЬЧУК.