Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Жанчына. Музыка. Вясна.

Количество просмотров:

moroz“Дзінь-дзінь-дзінь…” – пяюць крыштальныя капяжы. “Дзінь-дон, дзілі-дон …” – ва ўнісон адбіваюць узнёслыя акорды празрыстыя дажджавыя кропелькі, звіняць жвавыя ручаінкі. Меладычным гуллівым рознагалоссем гамоніць дабрадзейная вясна – непрадказальная, чароўная, жаданая.
Больш за ўсе поры года яна любіць вясну, таму што разам з абуджэннем прыроды ўваскрасаюць надзеі на здзяйсненне запаветных жаданняў, а яшчэ таму, што вясной яскравей, чым калі б там ні было, музыка гучыць у сэрцы.

 Несучы ў вясновай душы цудадзейную музыку, ідзе па жыцці светланосная жанчына – Наталля Мароз, выкладчык вакальна-харавых дысцыплін чацвёртай гарадской школы.
Яна не памятае, калі ўпершыню ў яе жыцці адбылася тая лёсавызначальная сустрэча, якая назаўжды зачаравала яе магіяй музычных гукаў, але па расповедах мамы ведае, што з маленства ў яе было неадольнае жаданне навучыцца іграць на фартэпіяна. Таму і павяла матуля дачушку ў музычную школу, вучоба ў якой давалася таленавітай дзяўчынцы надзвычай лёгка.
Сама ж Наталля Іванаўна ўпэўнена, што музыка жыла ў ёй з самага нараджэння, перадалася з генамі: па мацярынскай лініі ў родзе было шмат адораных музыкантаў.
Калі прыйшоў час вызначацца з прафесійным выбарам, маці Наталлі – дзіця вайны, якая на горкім вопыце зведала пакутлівы голад, нясцерпную горыч сіротства, - раіла дачцэ паступаць у Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Але, зразумела, не хлебам адзіным жыве чалавек: спазнаўшы асалоду музычнага мастацтва, юная піяністка падала дакументы ў Брэсцкае музычнае вучылішча імя Рыгора Шырмы. Праўда, вучыцца ёй было наканавана на аддзяленні тэорыі музыкі.
- Тады на аддзяленне фартэпіяна быў каласальны конкурс, - паясняе мая суразмоўца, - а ў мяне была надта ж маленькая рука (не было вялікага ахопу клавішаў). Пазней прадоўжыла адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але й да гэтай пары ў душы шчыміць шкадаванне, што не стала піяністкай.
Тут, на маю думку, Наталля Іванаўна ў нейкай меры гіпербалізуе сітуацыю, таму што яна ніколі не развітвалася з піяніна. Інструмент шмат гадоў займае пачэснае месца ў кватэры, з расчыненай форткі якой на вуліцу 50 гадоў Кастрычніка час ад часу шчодра льюцца меладычнымі найгрышамі, задушэўнымі вальсамі, летуценнымі накцюрнамі вызваленыя з нотаў гукі…
Мая гераіня лічыць, што існуе два магутныя сродкі выхавання чалавека – рэлігія і мастацтва, прытым, што найбольшай сілай уздзеяння на душу з’яўляецца ўсё ж музыка. Згадзіцеся, было б дзіўна, каб Наталля Іванаўна аддала перавагу іншым відам мастацтва. Разам з тым, яна не змяншае ролю літаратуры ў фарміраванні асобы.
Разважаючы аб станаўленні сябе як чалавека, педагог зазначае, што ў жыцці ёй пашанцавала на добрых, шчырых людзей, якія спрыялі яе духоўнаму і прафесійнаму росту. Сярод такіх яна асабліва вылучае Рыгора Рыгоравіча Сыраватку, які ў свой час узначальваў чацвёртую гарадскую школу, і Валянціна Васільевіча Перапёлкіна, былога загадчыка музычнага аддзялення. Яны давалі свабоду творчасці, з даверам ставіліся да яе, маладзенькай настаўніцы, якая пасля заканчэння музычнага вучылішча вярнулася ў родны горад “сэрца аддаваць дзецям”.
- Ты ж сэрца аддаеш дзецям, - паўтараючы словы слыннага педагога Васіля Сухамлінскага, журлівым голасам нагадае маці, шкадуючы дачку, бо тая шмат часу праводзіць у школе.
А працы і сапраўды пад завязку – з поўнай душэўнай аддачай, да знемажэння. Наталля Іванаўна ўзначальвае тры школьныя хоры, вакальныя ансамблі “Экспрэс”, “Дзілі-бэнд” і інш.
Здараецца, што, атрымаўшы пасведчанне аб музычнай адукацыі, вучні працягваюць жыць музыкай, як гэта робяць дзесяцікласніцы Ангеліна Губарава, Наталля Марзан, Юлія Кухарчук  – вакалісты ансамбля “Экспрэс”.
- Яны любяць мяне, - панізіўшы голас да шэпту, дзеліцца патаемным Наталля Іванаўна і загадкава працягвае: - Мяне нават болей, чым музыку.
Але якімі б пышнымі суквеццямі ні квітнела працоўная ніва жанчыны, найвышэйшым праяўленнем шчасця для яе заўжды было і будзе мацярынства. І гэтае шчасце ў маёй гераіні ёсць: яна выхавалала цудоўную дачушку. Кацярына зараз студэнтка другога курса факультэта кампазітарскага і фартэпіяннага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
- Мая дачка разумнейшая за мяне, - зноў так жа, па-змоўніцку, нібы давяраючы таямніцу, кажа мая субяседніца. – Яна шмат чытае, сачыняе музыку, захапляецца паэзіяй, сама піша вершы. Кажа, што гэта я прывіла ёй любоў да мастацкага слова, калі ў маленстве чытала ёй творы класікаў літаратуры.
Свае праблемы я вырашаю з дапамогай Каці. Яна, як кажуць, “хмары развядзе рукамі”. Іншым разам стане сорамна за сваю хандру. Падумаецца: “Рукі маю, вочы, любімую працу, родныя людзі побач. Што ж яшчэ патрэбна для шчасця?!”
Развітаўшыся з Наталляй Іванаўнай, я яшчэ некалькі хвілін стаю ля весніц рэдакцыйнага будынка, гляджу, як нетаропка крочыць яна па тратуары, вытанчаная, прывабная, непаўторная, несучы ў душы сваёй радасць. І не трэба шукаць асаблівых нагод для нараджэння гэтай радасці: дастаткова ўсведамлення таго, што ёсць у яе гэты неабсяжны свет, гэтыя хвалюючыя вясновыя краявіды, ёсць душа, якая здольна адчуваць музыку.
…Ідзе па зямлі Жанчына – пяшчота, любоў, прыгажосць.

Ірына САЛОМКА.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.
НА ЗДЫМКУ: Наталля Мароз з
удзельніцамі ансамбля “Экспрэс”.