Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Жыццесцвярджальны дух бібліятэкі

Количество просмотров:

tyshkovichi bibliotekaУ наш камп’ютарны век якіх толькі сродкаў не прыдумана для здабывання самай разнастайнай інфармацыі! Да таго ж, як правіла, яны пад рукой, няма неабходнасці марнаваць сілы і час для таго, каб адшукаць патрэбныя звесткі. Але нават у сучасны звышімклівы час ніякія зманлівыя спакусы не заменяць добрую кнігу, у якой увасоблена адвечная мудрасць, несмяротная краса гаючага слова.

 У гэтым упэўнены працаўнікі сельскай бібліятэкі аг. Тышкавічы Іна Данілевіч і Таццяна Міховіч, якія бачаць сваю першачарговую задачу ў тым, каб папулярызаваць кнігу і чытанне, далучаць чытачоў да гэтай неаспрэчнай крыніцы ведаў і выхавання.
Пэўна ж, карэнныя змены ў грамадстве, звязаныя з яго комплекснай інфарматызацыяй, не маглі не паўплываць на асаблівасці работы бібліятэчнай установы, традыцыйная роля якой змяняецца: тут таксама ўкараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, да кніжных фондаў дадаліся Інтэрнэт, электронная пошта, што дазволіла кнігасховішчу перасягнуць свае фізічныя межы і выйсці ў віртуальную прастору.
Пры гэтым жыццё пацвярджае, што звычайная кніга па-ранейшаму запатрабавана чытачом. Таму і накіроўваюцца ў бібліятэку людзі рознага ўзросту і рознага сацыяльнага статусу, каб наталіцца кніжным духам, далучыцца да шматвекавых скарбаў, схаваных пад шматабяцальнымі вокладкамі.
– Сёння Тышкавіцкая сельская бібліятэка абслугоўвае больш за 700 жыхароў аграгарадка, – інфармуе Іна Сямёнаўна, якая шмат гадоў самааддана і творча кіруе работай бібліятэкі. – Кнігавыдача штогод перавышае 13 тысяч друкаваных адзінак. Чытачоў прываблівае багаты фонд колькасцю звыш 11 тысяч экземпляраў, да таго ж, бібліятэка атрымлівае 32 найменні перыядычных выданняў.
Па тым, з якім імпэтам і любоўю распавядае жанчына пра кнігі, землякоў-аднавяскоўцаў, у якіх заслужыла павагу за спагадлівасць, адказнасць, неабыякавасць, можна судзіць аб тым, што чалавек гэты бясконца ўлюбёны ў сваю прафесію.
З падтрымкай калегі Таццяны Пятроўны Іна Сямёнаўна здолела ператварыць бібліятэку ў сучасны інфармацыйны і асветніцкі цэнтр, у своеасаблівы асяродак культуры, духоўнасці, дзе ўсё ў гармоніі: эстэтычны выгляд памяшкання, напаўняльнасць кніжных паліц, душэўны стан супрацоўнікаў.
З дня ў дзень пад дахам кніжнага храма адраджаецца гістарычная памяць і культурная спадчына палескай вёсачкі, далучаецца да спрадвечных скарбаў падрастаючае пакаленне. Справа добрая і патрэбная для нашчадкаў.
Пра плённую дзейнасць бібліятэкі сведчаць перамога ў пазамінулым годзе на абласным этапе ХХIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і сёлетняя перамога на заключным этапе III рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання», мэтай якога з'яўлялася садзейнічанне выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа і праваслаўя. Тышкавіцкая СБ заваявала першае месца сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у намінацыі «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях».
– Калі нашы метадысты прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, спачатку нават разгубілася, – прызнаецца Іна Сямёнаўна. – Гэта так адказна. Мае сумненні развеяў айцец Георгій Кузьмінчук, настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці ў аг. Тышкавічы. “З Божай дапамогай усё атрымаецца”, – проста і мудра рассудзіў ён. Конкурсныя матэрыялы спачатку накіроўваліся ў аддзел бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы дзяржаўнай установы культуры «Цэнтральная раённая бібліятэка ім. Ф.І. Панфёрава», дзе аналізаваліся, карэкціраваліся, удасканальваліся, затым былі высока ацэнены на абласным этапе конкурсу. Перамога на рэспубліканскім узроўні (цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, дарэчы, адбудзецца падчас работы III беларускіх Калядных чытанняў, якія пройдуць 23-24 лістапада) – гэта сумеснае дасягненне, дзе ёсць доля працы кіраўніцтва аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з Валянцінай Барадзінчык, адміністрацыі раённай бібліятэкі, метадыстаў, кожнага члена калектыву. І гэта датычыцца не аднаго толькі вышэйназванага праекта: увогуле, уся рознапланавая дзейнасць бібліятэчнай установы будуецца такім чынам, што ў творчы працэс уцягваюцца і клубныя работнікі, і духавенства, прадстаўнікі мясцовай улады і аграпрамысловага комплексу, педагогі і вучні мясцовай школы, выхавацелі і выхаванцы дзіцячага садка, ветэраны, краязнаўцы-аматары.
– Гэта спрыяе пераемнасці пакаленняў, захаванню лепшых гісторыка-культурных традыцый, – рэзюміруе Іна Сямёнаўна, – без чаго немагчыма выхаванне сучаснага грамадзяніна.
Яно і сапраўды так: ніколі не стане сапраўдным патрыётам той, хто не імкнецца пазнаваць сваю малую радзіму. Усведамляючы гэта, супрацоўнікі Тышкавіцкай сельскай бібліятэкі падчас правядзення самых разнастайных па форме мерапрыемстваў – літаратурна-музычных кампазіцый, вечароў-сустрэч, гадзін паэзіі, тэматычных і конкурсных праграм, вусных часопісаў, урокаў духоўнасці і інш. – імкнуцца да таго, каб абудзіць цікавасць чытачоў да лёсу землякоў, любоў да роднага краю, яго гісторыі і сучаснасці.
У дзейнасці бібліятэчнай установы цесна перапляліся карпатлівая краязнаўчая праца, вынікам якой сталі ўвасоблены ў электроннай прэзентацыі «Мая вёска: гісторыя і сучаснасць» каштоўны матэрыял аб жыхарах аграгарадка, што пакінулі добры след на тышкавіцкай зямлі, этнаграфічны куток, стылізаваны пад беларускую хату з інтэр’ерам, упрыгожаным саматканымі ручнікамі, сурвэткамі, посцілкамі з нацыянальным арнаментам, прыладамі сялянскага быту, краязнаўчая гасцёўня «Зямля бацькоў – зямля святая», дзе гучаць шчырыя творы мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, ладзяцца сустрэчы з мясцовымі майстрамі; героіка-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, спалучанае з запісамі ўспамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і сведкаў падзей суровага ліхалецця, на аснове якіх створана электронная прэзентацыя “Ішоў мой край дарогамі вайны”; духоўна-маральнае выхаванне на аснове праваслаўных традыцый і каштоўнасцей.
Але ж, якія б творчыя праекты ні ажыццяўляла бібліятэка, з якой бы катэгорыяй грамадзян ні працавала, галоўнай дзейснай сілай, на якой трымаецца яе місія па выхаванні асобы, выступае красамоўнае грунтоўнае слова, мудрая кніга, у якой закладзены спрадвечныя ісціны, што чалавечаць чалавека, а натхняльнікамі, рухавікамі гэтага адказнага працэсу з’яўляюцца, канечне ж, яны, нястомныя дбайныя рупліўцы – бібліятэкары.

Ірына САЛОМКА.