Каб не страціць святое штосьці
Хто мы, адкуль, якога роду-племені? У пэўных выпадках адказы на пытанні такога кшталту мы можам атрымаць, звярнуўшыся да суродзічаў, старажылаў, дасведчаных людзей, ва ўспамінах якіх захоўваюцца ўнікальныя звесткі аб мінулым. На жаль, жыццё зямное чалавека не бясконцае дый памяць – субстанцыя зменлівая, схільная скажацца, прытупляцца, сцірацца нават. І толькі адлюстраваная ў матэрыяльных аб’ектах, занатаваная ў пісьмовых крыніцах ды зафіксаваная ў музейных установах, яна надзейна зберагаецца, перадаючыся ад продкаў шматлікім пакаленням нашчадкаў.



