Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Дзе «Дзіва», там і дзіва

Трыццацігоддзе творчай дзейнасці адзначыў народны ансамбль «Дзіва» сельскага Дома культуры аг. Адрыжын

Жыццё чалавечае – пераважна прадказальная паўсядзённасць. І, пэўна, такім чынам усталяваны парадак цалкам апраўданы, бо ў клопатных буднях, напоўненых карпатлівай працай, яскрава праяўляюцца найлепшыя чалавечыя якасці, закладзеныя ў людзях Творцам Сусвету: дужасць рук і нязломная моц духу, талент і мудрасць, спрадвечнае імкненне да самавыяўлення і самаўдасканалення. Але ж пры ўсім пры тым, калі ў кругаверці руцінных спраў надараюцца імгненні адхлання, як жа пераўвасабляецца аднастайны свет, якімі дзівоснымі колерамі афарбоўваецца! І радасцю, трапяткой, яснай, як сляза на сэрцы, амыецца закарузлая, але ўсё ж жывая душа.

dziva-tsvet-2

На працягу трох дзясяткаў гадоў аздабляе жыватворнай красой паўсядзённую рэчаіснасць ансамбль «Дзіва» сельскага Дома культуры аг. Адрыжын, нагадваючы, што не хлебам адзіным жывы чалавек, і не меней, як матэрыяльныя даброты, яму патрэбны і спажытак для душы.
Творчая біяграфія калектыву бярэ адлік з далёкага дзевяноста пятага года мінулага стагоддзя, калі малавядомаму, ды затое надзвычай каларытнаму гурту было прысвоена ганаровае званне «Народны». Насамрэч гісторыя яго распачыналася раней. На тую пару Адрыжынскі СДК узначальвала маладая, апантаная жаданнем захаваць непаўторную спадчыну роднага куточка Валянціна Барадзінчык, цяперашні начальнік аддзела культуры райвыканкама. Вядома, што яшчэ з часоў савецкай улады існавала палітыка ўцягвання шырокіх мас у творчасць шляхам падтрымкі непрафесійных талентаў, у тым ліку і сельскага насельніцтва. Выразна акрэслівалася задача па стварэнні самадзейнага калектыву. Ініцыятыву падтрымалі настаўнікі мясцовай музычнай школы Мікалай Паліенка, Генадзь Тышкевіч – цудоўныя прафесіяналы, інтэлігентныя, адукаваныя людзі.
– Пакрысе мы сталі аб’ядноўваць вакол сябе таленавітых местачкоўцаў, – расказвае Валянціна Андрэеўна. – Знайшлася сям’я самабытных музыкантаў Брылёў – Генадзя, Валерыя, якія па-заліхвацку ігралі на баяне і гармоніку. Мы абмяркоўвалі рэпертуар, шукалі песні мясцовых носьбітаў традыцыйнай культуры, запісвалі ад старажылаў тэксты песень. З часам падцягнуліся сваякі віртуозаў Яўгенія Уласавец, Ева Ізотава, Людміла Брыль, прыродай надзеленыя добрым голасам, неардынарнымі артыстычнымі здольнасцямі.
На пачатку творчага станаўлення нават самі артысты не маглі са стапрацэнтнай упэўненасцю сказаць, куды ў канчатковым выніку прывядзе іх творчы пошук, якім будзе амплуа калектыву.
Аднойчы, убачыўшы іх майстэрства на сцэнічнай пляцоўцы, нехта выгукнуў усхвалявана: «О то ж дзіва!». «Дзіва, дзіва!» – падхапілі ўсе. Так нечакана з’явілася ў гурта імя.
– Ансамбль атрымаўся сямейны: усе яго ўдзельнікі (працэнтаў 20 з іх – работнікі культуры, астатнія – проста палымяныя аматары народнай песні) нейкім чынам даводзіліся родзічамі адзін аднаму, – згадвае Валянціна Андрэеўна. – Гэты склад вызначаўся яркімі салістамі-вакалістамі, яркімі інструменталістамі. Акрамя баяна і гармоніка, у нас былі дудачкі, жалейкі, трашчоткі. Яўгенія Уласавец, да прыкладу, іграла на звычайнай пральнай дошцы. У яе быў выключны музычны слых. Як толькі баяніст сыграе мелодыю, яна тут жа пойдзе «трынь-трынь-трынь» на гэтай дошцы. Дзіву даешся.
– Пазней да нас далучыліся дзеці, – працягвае мая суразмоўца. – Мы мелі свой твар. Калектыў з’яўляўся культурнай візітнай карткай Адрыжынскага мікрарэгіёна. Рэпетыцыі былі стабільнымі, творчыя камандзіроўкі гіперчастымі, паспяхова ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах, фестывалях. Паў-Беларусі аб’ехалі – Маладзечна, Мінск, Гродна, Слуцк, цесныя сяброўскія стасункі падтрымлівалі з украінцамі. На мне, як дырэктары, ляжала асноўная адказнасць за арганізацыю канцэртаў, падбор рэпертуару, папаўненне колькаснага складу гурту. Але мне было лёгка працаваць, таму што, з’яднаныя сямейнымі сувязямі, мы былі адзінай сям’ёй і ў творчасці, жылі адзіным духам, усе пытанні вырашалі сумесна. Мы думалі аб тым, якімі нас убачыць глядач. Нават касцюмы абмяркоўвалі разам. Вялікую дапамогу аказвала кіраўніцтва аддзела культуры ў асобе Уладзіміра Васільевіча Шэляговіча, Людміла Стэфанаўна Каспяровіч, тагачасны дырэктар раённага ЦКіНТ, Мікалай Аляксеевіч Кенда, кіраўнік мясцовай гаспадаркі, увогуле людзі падтрымлівалі. Дзякуючы ўсеагульнай падтрымцы мы адчувалі вялікую адказнасць за развіццё калектыву.
За сваю бытнасць ансамблю давялося перажываць і няпростыя перыяды, адчуваўся дэфіцыт музыкантаў, затуханне гастрольнай дзейнасці. Аднак жа артысты не апускалі рук, шукалі новыя магчымасці для развіцця. У выніку калектыў НІКОЛІ не спыняў сваёй дзейнасці. У сучасны сцэнічны воблік яго ўнеслі ўклад самабытныя таленты Адрыжынскай зямлі, у гурту з’явіўся малады, энергічны кіраўнік Іван Самахавец, падключыліся работнікі культуры… Галіна і Сяргей Дашкевічы, Валянціна Цямчык, Марыя Цямчык, Тамара Талатыннік, Надзея Макарэвіч, Святлана Кунахавец, Сяргей Ганчук, Яна Котар, Ірына Кунах, Ангеліна Паўлюкавец, Марыя Пракаповіч – усіх удзельнікаў творчай суполкі аб’ядноўвае пранікнёная любоў да песні.
– Калектыў стараецца адпавядаць сваёй назве – прыемна здзіўляць гледача, – канстатуе Іван Васільевіч. – Мы знаходзімся ў пастаянным творчым пошуку, шліфуем выканальніцкае майстэрства, абнаўляем рэпертуар. Пераважна гэта беларускія, рускія, украінскія народныя песні, таксама выконваем шэдэўры сучасных айчынных кампазітараў. Змяняюцца рэаліі – змяняюцца людзі і іх музычныя густы. Мы працуем на гледача, таму ў нашай творчай скарбонцы павінны быць і тэматычныя песні, і шоу-праграмы – розныя творы.
– Гэта той калектыў, які можа паўнацэнна здавальняць запыты насельніцтва розных узроставых катэгорый і сацыяльных груп, – лічыць Валянціна Андрэеўна. – На сённяшні дзень гэта ўжо не фальклорны, а вакальны ансамбль. Нейкую частку старадаўняй спадчыны яму ўдалося захаваць, хацелася б, каб унікальная песенная культура Адрыжынскага куточка зберагалася. І, мне здаецца, калектыў павінен прытрымлівацца ГЭТАГА накірунку, быць прасякнутым народным духам. Цудоўна было б, каб у гурт уліўся ансамбль юных лыжкароў, якім кіруе Іван Васільевіч. Гучыць баян, ёсць барабан, а яшчэ дапоўніць мелодыю лыжкамі – вось вам і дзіва. У руках апантаных самародкаў нават звычайныя вілы альбо палена могуць стаць дасканалым музычным інструментам. Я сумую па былым складзе ансамбля, але ганаруся і цяперашнім, таму што ўсе мы зрабілі самы галоўны крок – збераглі калектыў. Ён жыў, жыве і, упэўнена, будзе жыць!
Тры дзесяцігоддзі для творчай суполкі – тэрмін, пэўна, уражлівы. Праз якія б спакусы-выпрабаванні яна ні праходзіла, такая аўтарытэтная лічба сведчыць, што плён яе дзейнасці важкі, паўнавартасны. Магчыма, у нейкім сэнсе незвычайная, насычаная жыццёвая праграма была закладзена ўжо ў самой назве ансамбля – інтрыгуючай, шматабяцальнай. Не-
здарма ж кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Аднак жа, думаецца, мазаіка шчаслівага лёсу гурту скамплектавана са шматлікіх складнікаў. Не апошнімі ў іх ліку значацца яскравы талент, каласальнае працалюбства, абвостраная сумленнасць, бязмежная вернасць песні. Відавочна, менавіта дзякуючы гэтаму, судакранаючыся з творчасцю калектыву, кожны раз упэўніваешся, дзе «Дзіва», там і дзіва – здзіўленне шчырае. Гэтую эмоцыю сучаснай публікі – распешчанай, пераборлівай – заслужыць ой як няпроста! І калі праз гадоў так дзясяткі са два ансамбль дойдзе да паўвекавога юбілею, ведаючы трапяткія адносіны артыстаў да сваёй справы, далібог, факту гэтаму ніколечкі не здзіўлюся.

Ірына Саломка.
 архіў Адрыжынскага СДК, Дзіяна Крэс.