Зорка Віфлеемская сэрцы азарыла
У студзеньскі час Мотальскі музей народнай творчасці асабліва прывабны для турыстаў. І гэта не дзіўна, бо для наведвальнікаў культурнай установы яе супрацоўнікі падрыхтавалі надзвычай каларытны навагодне-турыстычны праект «Калядны перазвон», які ўключае ў сябе наведванне экспазіцый музея, экскурсійнае абслугоўванне, а таксама абрадавыя дзействы «Жывы гук», «За Віфлеемскаю зоркаю».
У праграме задзейнічаны народны калектыў «Мотальскія суседзі» з віртуозным выкананнем калядных песень і калектыў работнікаў тутэйшых Дома культуры і бібліятэкі, які задзівіў экскурсантаў інтэрактыўным тэатралізаваным прадстаўленнем «Калядкі – добрыя святкі». Госці з задавальненнем далучаліся да каляднай дзеі, насычанай дасціпным гумарам, музыкай, аздобленай адмысловым мясцовым дыялектам. На адыходак, альбо, так сказаць, на «пасашок», у музеі гасцям прапаноўвалі шчодры калядны стол «Прыйшлі Калядкі – бліны ды аладкі» з традыцыйнымі мотальскімі прысмакамі.
Шмат станоўчых уражанняў аб музеі ў згаданы перыяд пакінулі турысты са сталіцы краіны, Івацэвіцкага раёна, некалькіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Наведаліся ў самабытны куточак і працаўнікі УП «Ляхавіцкае-Агра».
У зваротную дарогу вандроўнікі ўзялі з сабой новы досвед, цудоўны настрой і, канешне ж, адчуванне цеплыні святла Віфлеемскай зоркі, якая будзе асвятляць жыццёвы шлях дабрынёй, надзеяй і верай.
Ірына Саломка.