
Зберагаем спадчыну
Мотальскі каравай… Гэта сапраўдная каштоўнасць не толькі аг. Моталь, але і нашай Іванаўшчыны. Нездарма ён унесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Пра мотальскі каравай напісана многа, знята нямала фільмаў і ролікаў. Але заслугоўвае павагі той момант, што маладое пакаленне яшчэ і яшчэ жадае дазнацца больш пра сваю спадчыну.
“Расці, караваю, вышэй таго гаю... (абрад мотальскага каравая)” – менавіта такую тэму выбрала шасцікласніца Мотальскай сярэдняй школы № 2 Паліна Хвясюк для сваёй навукова-даследчай работы.
Разам са Святланай Аляксееўнай Марзан, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, яны ўзяліся за справу. Не раз наведвалі Мотальскі музей народнай творчасці, таксама звярталіся да мясцовых старэйшых жыхароў Ніны Мікалаеўны Кульбеды, Вольгі Емяльянаўны Васілевіч, Таццяны Андрэеўны Янковіч. У выніку Паліна не толькі даведалася пра сам абрад, але і навучылася спяваць “каравайныя песні”, упрыгожваць шышкі для каравая. “Займаючыся даследаваннем, я прыйшла да высновы, што мотальскі каравай – гэта сімвал багацця, дабрабыту, добрага ладу новай сям’і. Абрад мотальскага каравая вельмі цікавы, самабытны, у ім адлюстраваны ўсе спадзяванні маталян на шчаслівае жыццё маладых” – паведамляе дзяўчынка.
Паліна з гонарам прэзентавала сваю навукова-даследчай работу ў конкурсе “Фальклорная спадчына”, які праходзіў у рамках IX адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. Журы конкурса адзначыла работу юнай даследчыцы дыпломам 2 ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
“Я ганаруся, што змагла расказаць слухачам на такім высокім узроўні пра адну з каштоўнасцей сваёй малой радзімы”, – дабаўляе Паліна.
Высокая ўзнагарода натхніла дзяўчынку на далейшае вывучэнне сваёй спадчыны.
А.Я. Давідовіч, метадыст Іванаўскага РЦДТ.